Вэнэсуэла хоча рэструктурызаваць зьнешні доўг. Краіне пагражае дэфолт

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікалас Мадура абвясьціў аб рэструктурызацыі зьнешняга доўгу краіны.

Паводле агенцтва Reuters, гэты крок можа сыгналізаваць блізкі дэфолт Вэнэсуэлы, грамадзяне якой цяпер зь цяжкасьцю здабываюць сродкі на закуп ежы і лекаў.

Мадура адзначыў, што рашэньне рэструктурызаваць доўг ня тычыцца даўгавых абавязаньняў дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA, якая сёньня, 3 лістапада, павінна выплаціць доўг памерам 1,2 мільярда даляраў.

Тым часам прэзыдэнт апазыцыйнай Нацыянальнай асамблеі Вэнэсуэлы Хуліё Борхес заявіў, што Мадуру ня ўдасца рэструктурызаваць зьнешні доўг.

«Мадура ня зможа рэструктурызаваць доўг, таму што ніхто ў сьвеце не верыць у яго ўрад. Таму трэба тэрмінова праводзіць свабодныя выбары, каб мы змаглі аднавіць давер сьвету і выйсьці з крызысу», — напісаў Борхес у Twitter’ы.

Паводле ацэнак Борхэса, агульная сума запазычанасьці краіны дасягае 120 мільярдаў даляраў.