Праваабаронца патрабуе праверыць законнасьць мабілізацыі працоўных на ўборку лёну

Ілюстрацыйнае фота. Лён каля вёскі Бор Кармянскага раёну

Юрыст Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч накіраваў скаргу ў пракуратуру Гомельскай вобласьці з тым, каб яна правяла праверку факту прымусовай працы па ўборцы лёну на палетках сельгаспрадпрыемстваў Кармянскага, Буда-Кашалёўскага ды Чачэрскага раёнаў. Пра гэта паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

Падставай для звароту ў пракуратуру стаў лістападаўскі перадрук на інтэрнэт-партале Tut.by матэрыялу інфармагенцтва БелаПАН пад назвай «Учителей, студентов и работников гомельских предприятий отправляют „всем миром“ спасать лён». У артыкуле быў зьмешчаны і камэнтар прадстаўніка Гомельскага аблвыканкаму з інфармацыяй пра тое, што 31 кастрычніка прынята адпаведнае рашэньне аблвыканкаму «Аб усебаковай дапамозе ТАА „Гомельлён“.

Валянцін Стэфановіч

Стэфановіч адзначае, што ўсе гэтыя сельскагаспадарчыя работы адбываюцца ў працоўны і вучэбны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах і выконваць тыя працоўныя абавязкі, які прадугледжаныя ў заключаных паміж імі і прадпрыемствамі (наймальнікамі) працоўнымі дамовамі, а студэнты знаходзіцца на занятках у ВНУ».

На думку праваабаронцы, інфармацыя пра мабілізацыйныя захады Гомельскага аблвыканкаму ў арганізацыі прымусовай працы грамадзянаў «сьведчыць аб парушэньні законнасьці і патрабуе неадкладнага правядзеньня пракурорскай праверкі і рэагаваньня».

Валянцін Стэфановіч падкрэсьлівае ў сваім звароце, што ўборка лёну на палях ТАА «Гомельлён» не ўтварае вытворчай неабходнасьці для тых ВНУ, прадпрыемстваў і ўстановаў Гомлю, якія накіроўвалі сваіх супрацоўнікаў і студэнтаў «на лён». Такая праца ня выклікана наступствамі нейкага стыхійнага бедзтва, няшчасным выпадкам ці катастрофай.

З паведамленьняў СМІ вядома, што з Гомлю і райцэнтраў на ўборку лёну 31 кастрычніка, 1 і 5 лістапада арганізавана вывозілася да дзьвюх тысяч чалавек. На палетках Кармянскага і Ўваравіцкага льнозаводаў на пачатак лістапада заставаліся ня ўбранымі каля 1,5 тысячы гектараў лёну.

На здымку: Лён каля вёскі Бор Кармянскага раёну.