Сын «народнага футбаліста» Пракапенкі зрабіў фільм пра бацьку і легендарную перамогу менскага «Дынама»

Архіўнае фота. Чарговая галявая атака Аляксандра Пракапенкі

15 лістапада ў менскім комплексе «Фалькон Клюб Буцік Кіно» адбудзецца спэцыяльны паказ дакумэнтальнага фільму «Аляксандар Пракапенка. Народны футбаліст». Рэжысэр — Руслан Газізаў.

У стужцы расказваецца пра легендарнага беларускага спартоўца, гульца менскага «Дынама» і зборнай СССР, які 16 лістапада адзначыў бы свой 64-ы дзень нараджэньня. Акрамя таго, у гэтыя ж дні спаўняецца 35 гадоў перамозе беларускага калектыву ў саюзным чэмпіянаце.

Жыць і гуляць да зьнямогі

Ідэйны натхняльнік праекту — Зьміцер Пракапенка, сын славутага футбаліста. Празь 10 гадоў пасьля сьмерці бацькі яны разам з маці пераехалі ў ЗША, там ён пачаў займацца рэклямнымі праектамі, а таксама ўдзельнічаць у аматарскіх футбольных турнірах. Пры гэтым падтрымлівае сталыя кантакты з дынамаўскім клюбам, арганізуе маркетынгавыя кампаніі. Пра яго Свабода ня так даўно пісала.

«Ягоны футбол ня мог пакінуць абыякавым нікога — без крэатыўнага паўабаронцы цяжка ўявіць перамогу менчукоў у чэмпіянаце СССР 1982 году», — кажа пра бацьку Зьміцер Пракапенка.

Зь сябрамі Юрыем Курненіным і Ігарам Гурыновічам

Паводле Зьмітра, акрамя ўнікальных архіўных відэа- і фотадакумэнтаў, у фільм увайшлі ўспаміны пра Аляксандра Пракапенку ягоных родных, жонкі Натальлі, партнэраў па камандзе — Эдуарда Малафеева, Уладзімера Курнева, Анатоля Байдачнага, Сяргея Алейнікава, Аляксандра Аляксейчыкава ды іншых.

Перад паказам упершыню будуць выстаўленыя ўзнагароды Пракапенкі — залаты мэдаль за перамогу ў чэмпіянаце СССР 1982 году і бронзавы — за Алімпіяду-1980. Мастачка Ціяна Банькоўская прадставіць жывапісны партрэт, напісаны да дня нараджэньня легенды беларускага футболу.

Бацька з сынам

Аляксандар Пракапенка пайшоў з жыцьця ў 1989-м, яму было ўсяго 35 гадоў. Майстар спорту міжнароднага клясу, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў 1980 году, гулец зборнай Савецкага Саюзу, чэмпіён СССР 1982 году, № 1 у сьпісе 33 найлепшых футбалістаў СССР 1982 году.

У 1983-м быў адлічаны з каманды за «сыстэматычнае парушэньне рэжыму», двойчы зьмяшчаўся ў лекава-працоўны прафілякторый. Выступаў за магілёўскі «Дняпро» і бакінскі «Нефтчы», але без ранейшага запалу. Памёр 29 сакавіка 1989-га.

Пахаваны на могілках вёскі Токары Бабруйскага раёну.

Зьміцер Пракапенка на магіле бацькі ў Токарах

Захаваць імгненьні памяці

У 1993 годзе ў Менску прайшоў першы турнір па міні-футболе памяці Аляксандра Пракапенкі.

Ад 2001 году пад эгідай Беларускай асацыяцыі міні-футболу ладзіцца мэмарыял Аляксандра Пракапенкі.

У 2004 годзе «БелСвісБанк» заснаваў прыз імя Аляксандра Пракапенкі «За футбольны талент і самааддачу ў гульні за Беларусь».

У 2015 годзе імем Аляксандра Пракапенка названы стадыён на яго радзіме ў Бабруйску.

У 2017 годзе атрымана папярэдняя згода ад менскіх уладаў аб устаноўцы помніка Аляксандру Пракапенку на тэрыторыі абноўленага стадыёну «Дынама».