Актывістку з Гомельшчыны аштрафавалі за плякат «Беларуская армія — сэрыйны забойца»

Алена Луцковіч з пасёлка Акцябрскі на Кастрычніцкай плошчы Менску падчас «Маршу абураных беларусаў»

Судзьдзя Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці Ўладзімер Васілеўскі аштрафаваў лідэрку «Маладых дэмакратаў» Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алену Луцковіч на 20 базавых велічыняў (460 рублёў) за плякат з надпісам «Беларуская армія — сэрыйны забойца».

Паводле актывісткі, у пастанове судзьдзі сказана пра «несанкцыянаванае публічнае выказваньне грамадзка-палітычных поглядаў — згодна з артыкулам 23.34 КаАП».

«Тое ж было напісана ў міліцэйскім пратаколе, які склаў участковы інспэктар Акцябрскага РАУС Дзьмітры Крумгольц. Можна сказаць, дажыліся: выказаў праз плякат свой грамадзка-палітычны погляд — атрымай штраф», — кажа Алена Луцковіч.

Актывістка зьвяртае ўвагу, што дзеля таго, каб пакараць яе штрафам, задзейнічалі мінімум тры міліцэйскія структуры — Менскае і Гомельскае ўпраўленьні ўнутраных спраў, а таксама Акцябрскі РАУС.

«У Менску праглядалі відэастужкі й здымкі, рабілі скрыншоты, запытвалі адпаведныя матэрыялы ў падразьдзяленьні грамадзянства й міграцыі, каб ідэнтыфікаваць жанчыну з плякатам, пісалі рапарты ды перасылалі ў Гомель, а адтуль ужо з адпаведнымі паперамі й рэзалюцыямі справу пераадрасавалі ў райцэнтар Акцябрскі (былая Рудобелка)», — кажа яна.

У кастрычніку Алена Луцковіч брала ўдзел у «​Маршы абураных беларусаў», які праходзіў у Менску. Падчас несанкцыяванага ўладамі мітынгу яна трымала плякат з надпісам «Беларуская армія — сэрыйны забойца».

«Я проста жахаюся ад таго, што майму сыну давядзецца служыць у такім войску», — тлумачыла яна свой учынак Свабодзе.

Марш праходзіў неўзабаве пасьля таго, як у вайсковай частцы ў Печах пад Барысавам быў знойдзены павешаным малады салдат Аляксандар Коржыч. Парадкі ў войску моцна ўстрывожылі многіх беларускіх маці, і асабліва тых, хто гадуе ў сям’і, як і Алена Луцковіч, адзінага сына.