Пэнтагон: паўночнакарэйская балістычная ракета ўпала ў Японскае мора

Ілюстрацыйнае фота. Запуск балістычнай ракеты 16 верасьня 2917 году

Запушчаная КНДР ракета праляцела каля тысячы кілямэтраў і ўпала ў Японскае мора, паведаміў прадстаўнік Пэнтагону.

Улады Паўночнай Карэі сьцьвярджаюць, што запушчаная напярэдадні балістычная ракета зьяўляецца міжкантынэнтальнай і здольная паразіць цэлі «на ўсёй кантынэнтальнай тэрыторыі ЗША». Пра гэта гаворыцца ў заяве Пхэньяну, апублікаванай раніцай у сераду, 29 лістапада.

Як адзначаецца ў заяве, гаворка ідзе пра ракету «Хвасон-15», здольную несьці ядзерны зарад. Паведамляецца, што гэта «самая магутная міжкантынэнтальная ракета», з усіх, калі-небудзь створаных у КНДР, паведамляе DW.

У Мінабароны ЗША заявілі, што запушчаная КНДР ракета праляцела каля тысячы кілямэтраў і ўпала ў Японскае мора.

Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў, што гэтая ракета ўзьляцела вышэй, чым усе іншыя паўночнакарэйскія ракеты.

Адной зь першых на запуск ракеты адрэагавала Японія.

«Мы лічым, што такія правакацыйныя дзеяньні з боку Паўночнай Карэі зьяўляюцца непрымальнымі і выказваем пратэст», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі ў Токіо генэральны сакратар кабінэта міністраў Японіі Ёсіхідэ Суга. Японія заявіла пра намер склікаць надзвычайнае пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН з прычыны запуску Пхэньянам балістычнай ракеты.

Абурэньне выказалі і ў Эўрапейскім Зьвязе.

«Гэты запуск зьяўляецца яшчэ адной сур’ёзнай правакацыяй, а таксама сур’ёзнай пагрозай міжнароднай бясьпекі ў цэлым», — заявілі ў прэс-службе вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу па замежнай палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыкі Магерыні. Чарговыя ракетныя выпрабаваньні зьяўляецца «непрымальным наступным парушэньнем міжнародных абавязаньняў Паўночнай Карэяй», падкрэсьліла прэс-сакратар Магерыні.

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША асудзіў запуск ракеты, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан у аўторак зьвярнуўся да міжнароднай супольнасьці з заклікам узмацніць ціск на ўлады Паўночнай Карэі і «прыняць дадатковыя захады для гарантаваньня бясьпекі на моры, уключаючы і выкарыстаньне права на забарону марскіх зносінаў з Паўночнай Карэяй», прымусіўшы Пхэньян адмовіцца ад рэалізацыі праграм стварэньня зброі масавага паражэньня.

Рэкс Тылерсан таксама заявіў, што ЗША і Канада маюць намер выступіць арганізатарамі сустрэчы краін – сяброў ААН, уключаючы Паўднёвую Карэю, Японію і іншыя дзяржавы рэгіёну, каб абмеркаваць, «як міжнародная супольнасьць можа адказаць на пагрозы з боку Паўночнай Карэі».