Трэба забіраць сямейнікаў амэрыканскіх вайскоўцаў з Карэі, бо набліжаецца канфлікт, — сэнатар ЗША

Сэнатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм

Сэнатар ЗША Ліндсі Грэм (рэспубліканец з Паўднёвай Караліны) заявіў, што Пэнтагон павінен пачаць эвакуацыю сямейнікаў амэрыканскіх вайскоўцаў з Паўднёвай Карэі.

Сваю заяву Грэм абгрунтаваў штораз большай імавернасьцю ўзброенага канфлікту на Карэйскім паўвостраве.

«Я хачу, каб [Пэнтагон] перастаў высылаць туды сямейнікаў і думаю, што ўжо час пачаць вывозіць сямейнікаў з Паўднёвай Карэі», — сказаў сэнатар на тэлеканале CBS 3 сьнежня.

Вайсковы кантынгент ЗША ў Паўднёвай Карэі — як спадчына Карэйскай вайны 1950–1953 гадоў — налічвае 28,5 тысяч вайскоўцаў.

На мінулым тыдні КНДР заявіла, што яна праверыла новую міжкантынэнтальную балістычную ракету, якая можа даляцець да любога пункту мацерыковай часткі ЗША.