65 загінулых, 326 арыштаваных, 54 выкрадзеныя журналісты за 2017 год — «Рэпартэры бязь межаў»

Рэйтынг свабоды прэсы «Рэпартэраў бязь межаў» за 2017 год

Арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» апублікавала свой штогадовы даклад аб свабодзе прэсы, у якім прадставіла дадзеныя па колькасці загінулых, арыштаваных і выкрадзеных журналістаў па ўсім сьвеце.

65 загінулых

Калі зірнуць на статыстыку сьвеце, колькасьць журналістаў, якія ў 2017 годзе загінулі ў сувязі са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю, стала самай маленькай за апошнія 14 гадоў, сьведчаць падлікі «Рэпартэраў бязь межаў». Аднак лічбы застаюцца па-ранейшаму высокімі: у цэлым па ўсім сьвеце ў 2017 годзе загінулі 65 журналістаў — зь іх 50 прафэсійных, 7 цывільных і 8 іншых супрацоўнікаў СМІ. Гэта на 18 адсоткаў менш, чым годам раней, паведамляе DW.

З 65 журналістаў, якія загінулі ў 2017 годзе, 26 сталі выпадковымі ахвярамі абстрэлаў і бамбаваньняў, пад якія яны патрапілі, выконваючы сваю працу, або зьдзейсьнілі самагубства. Астатнія 39 былі мэтанакіравана забітыя, «паколькі іх публікацыі перашкаджалі палітычным ці эканамічным інтарэсам або махінацыям злачынцаў».

326 арыштаваных

Усяго ў сьвеце паводле дадзеных на 1 сьнежня 2017 году ў сувязі з прафэсійнай дзейнасьцю былі арыштаваныя як найменей 326 журналістаў. Зь іх 202 прафэсійныя журналісты, 107 цывільныхіх і 17 іншых супрацоўнікаў СМІ. У параўнаньні з 2016 годам колькасьць арыштаваных журналістаў зьнізілася на 6 адсоткаў, адзначаецца ў дакладзе. Гэта адбылося за кошт зьніжэньня колькасьці цывільных журналістаў: у мінулым годзе 146 зь іх былі пад арыштам.

Асабліва значна колькасьць арыштаваных цывільных журналістаў зьнізілася ў Кітаі, аднак Кітай застаецца краінай з самай высокай колькасьцю рэпартэраў, якія знаходзяцца ў турме ў сувязі са сваёй прафэсійнай дзейнасьцю. Замест выкананьня сьмяротных прысудаў журналістам улады краіны «наўмысна чакаюць», пакуль стан здароўя асуджаных пагоршыцца ў турме, і яны памруць, тлумачаць у арганізацыі.

Амаль палова арыштаваных журналістаў прыпадае на пяць краінаў, гаворыцца ў дакладзе: гэта Кітай, Сырыя, Віетнам, Іран і Турэччына.

54 выкрадзеныя журналісты

У Сырыі і Іраку журналістам пагражае небясьпека быць выкрадзенымі, адзначана ў дакладзе. У цэлым у сьвеце выкрадзенымі на сёньняшні дзень лічацца 54 журналісты, што на 14 адсоткаў больш у параўнаньні зь мінулым годам. Зь іх 44 прафэсійныя рэпартэры, 7 цывільных журналістаў і 3 супрацоўнікі СМІ. Пры гэтым 40 чалавек утрымліваюць тэрарысты з «Ісламскай дзяржавы» і іншых экстрэмісцкіх груповак. Часьцей за ўсё выкрадзенымі аказваюцца нізкааплатныя свабодныя журналісты, якія вымушаныя працаваць у надзвычай небясьпечных умовах, гаворыцца ў дакладзе.

Прозьвішчы беларускіх журналістаў у дакладзе ня згадваюцца.

У штогадовым дакладзе «Рэпартэраў бязь межаў» пра свабоду СМІ ў сьвеце за 2017 год Беларусь апынулася на 153 месцы ў рэйтынгу (са 180 краінаў сьвету) у рэйтынгу за 2017 год.

Паводле стану на пачатак сьнежня ў 2017 годзе адбыліся 85 судоў над беларускімі журналістамі ў сувязі зь іх прафэсійнай дзейнасьцю. Па выніках гэтых працэсаў 12 разоў журналістаў арыштоўвалі, 72 разы штрафавалі, 1 суд закончыўся спыненьнем справы.

Найбольшы адміністрацыйны арышт, якім каралі журналістаў — 15 сутак. Па 15 сутак адбылі журналісты Алесь Баразенка, Марына Кастылянчанка, Павал Левінаў, Канстанцін Мардзьвінцаў, Леанід Сьвецік. Найбольшы штраф — 60 базавых велічынь, або 1380 рублёў — атрымаў журналіст Алесь Ляўчук. Больш за ўсіх штрафаў за год атрымалі Кастусь Жукоўскі і Ларыса Шчыракова — часьцей іх каралі за працу без акрэдытацыі.