Беларусі прапанавалі ачоліць АБСЭ? Але пасьля 2020 году

Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей на традыцыйнай сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі ў сувязі з навагоднімі і каляднымі сьвятамі ўвечары 28 сьнежня намякнуў на вялікія міжнародныя падзеі ў недалёкай будучыні, якія маюць непасрэдна тычыцца Беларусі.

Гаворачы пра 2018 год, міністар, не называючы канкрэтна, сказаў, што такіх мерапрыемстваў будзе два.

На пытаньне Свабоды, што можа стаяць за гэтымі выказваньнямі Макея, кіраўнік экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг» Яўген Прэйгерман кажа, што гэта падзеі, зьвязаныя з АБСЭ і ААН.

«Як я разумею, гаворка ідзе пра вялікую міжнародную канфэрэнцыю пад эгідай АБСЭ па кібэрбясьпецы і супрацьдзеяньні тэрарызму ў кібэрпрасторы. Яна папярэдне заплянаваная на восень наступнага году ў Беларусі, — кажа экспэрт. — Падазраю, што другой падзеяй можа стаць рэгіянальная канфэрэнцыя каардынатараў ААН па праграме UNDP. Я асабіста чуў ад прадстаўнікоў ААН, што такая канфэрэнцыя можа адбыцца ў нашай краіне дзесьці ў сакавіку, а можа нават і ў лютым».

Таксама на ўчорашнім прыёме міністар Макей сказаў, што ў сьвеце заўважылі, як добра сёлета Беларусь справілася з кіраўніцтвам у Цэнтральнай эўрапейскай ініцыятыве. Таму Менску прапаноўваюць старшыняваць яшчэ ў адной міжнароднай структуры, якая па сваім значэньні нават больш істотная за ЦЭІ.

«Я думаю, што Беларусі прапанавалі ачоліць АБСЭ. Як вядома, у гэтай структуры штогод мяняецца краіна, якая выконвае функцыі старшынства. Але чарга да Беларусі, на мой погляд, дойдзе толькі пасьля 2020 году», — кажа кіраўнік «Менскага дыялёгу» Яўген Прэйгерман.

З краін былога СССР у АБСЭ ўжо старшынявалі: Казахстан (2010 год), Літва (2011), Украіна (2013). Сёлета старшынства ў Аўстрыі. У 2018 годзе кіраваць структурай будзе Італія.