У Берасьці доктара навук не прынялі ў выбарчую камісію праз «адсутнасьць досьведу»

Ірына Лаўроўская

Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская зь Берасьця ня здолела трапіць ва ўчастковую выбарчую камісію — камісію першага ўзроўню на мясцовых выбарах, якія пройдуць 18 лютага ў Беларусі.

У Берасьці адбылося паседжаньне адміністрацыі Маскоўскага раёну Берасьця па пытаньні ўтварэньня ўчастковых камісій, на якім прысутнічала Ірына Лаўроўская.

«У мяне было сабрана 10 подпісаў грамадзян, якія накіроўвалі мяне ў камісію на ўчастку № 54. Усяго было 20 прэтэндэнтаў стаць чальцамі камісіі. З гэтых 20 ім трэба было выбраць 15. Калі пачыналі галасаваць, то адразу напісалі, што я „не рэкамэндаваная“, бо ў іх была рабочая група, якую ўзначаліў Аляксандар Залатухін, намесьнік начальніка аддзелу ідэалёгіі Берасьцейскага гарвыканкаму... Я запярэчыла, якім жа крытэрам не адпавядае мая кандыдатура. Яны адказалі, што я раней ня брала ўдзелу ў выбарчых камісіях. Значыць, каб быць чальцом гэтай камісіі, трэба мець стаж удзелу», — расказала Ірына Лаўроўская.

Доктар навук Ірына Лаўроўская была зьдзіўленая, што на такой падставе не ўключаюць у камісіі адукаваных людзей.

«Маёй кваліфікацыі дастаткова, каб арытмэтычна палічыць колькасьць бюлетэняў, колькасьць выбарнікаў. Я пра гэта і сказала ў часе паседжаньня, але вочы долу апусьцілі і прагаласавалі супраць. На гэтым паседжаньні прысутнічалі яшчэ некалькі чалавек з дэмакратычных партый, арганізацый, усе адукаваныя людзі. І нікога з гэтых людзей, якія мелі досьвед быць кандыдатамі, назіральнікамі на выбарах, яны не ўключалі», — паведаміла Ірына Лаўроўская.

Доктар мастацтвазнаўства ў галіне ўрбаністыкі і архітэктуры зь Берасьця мяркуе, што «нават на самы нізкі ўзровень выбарчых камісій улады не дапускаюць іншадумцаў».

«Стаўленьне ўлады да апазыцыі на гэтых выбарах яшчэ горшае, чым на мінулых»