Беларус з украінскім грамадзянствам: Ад мяне патрабавалі грошай, пагражаючы экстрадыцыяй

Былы беларускі бізнэсовец Цімафей Кахновіч, які пасьля некалькіх гадоў жыцьця ва Ўкраіне ў статусе палітычнага ўцекача атрымаў у 2016 годзе ўкраінскае грамадзянства, трапіў пад перасьлед паводле падазрэньня ў захоўваньні зброі.

29 сьнежня 2017 году праваахоўныя органы правялі ператрус у ягоным доме, і затрымалі спачатку як грамадзяніна Ўкраіны, а пазьней — як грамадзяніна Беларусі, якога вышукваюць беларускія праваахоўнікі паводле абвінавачаньняў у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Але суд адмовіў сьледчым у арышце Цімафея Кахновіча.

Кахновіч сьцьвярджае, што зброю яму падкінулі пад час ператрусу. Адпаведны відэазапіс абнародаваў украінскі журналіст Яўген Плінскі. Журналіст заяўляе, што праваахоўныя органы Беларусі і Ўкраіны нібыта маюць сьпіс з 25 былых беларускіх грамадзян, якія мусяць быць экстрадаваныя ў Беларусь, і Цімафей Кахновіч знаходзіцца ў гэтым сьпісе.

Украінская паліцыя пакуль што не камэнтуе сытуацыю.

У размове з карэспандэнтам Свабоды Цімафей Кахновіч распавёў пра сваю беларускую ды ўкраінскую гісторыю, і сказаў, што ўкраінскія праваахоўнікі патрабавалі ў яго выкуп за спыненьне справы пра экстрадыцыю спачатку ў памеры 300 тысяч, а пазьней — 50 тысяч даляраў.

— У Менску я быў уласьнікам кампаніі, якая працавала на рынку каштоўных папер. У пэўны пэрыяд часу гэтая дзейнасьць апынулася па-за законам, а мы — я і мае калегі — заўсёды выступалі супраць улады, падтрымлівалі кантакты з апазыцыяй і матэрыяльна дапамагалі сваімі ашчаджэньнямі. У 2006 годзе ў нас адбыліся ператрусы, адкрылі крымінальныя справы. Мне пашанцавала на той момант выехаць — спачатку ў Маскву, потым я пераехаў ва Ўкраіну. У 2007 годзе прайшоў усю працэдуру па атрыманьні статусу палітычнага ўцекача, а ўжо ў сярэдзіне 2016 годзе паводле ўказу прэзыдэнта атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Ад самага пачатку я нічога не прыхоўваў ад украінскіх уладаў пра адкрытую крымінальную справу ў Беларусі, тым больш, што мяне абвясьцілі ў міжнародны вышук.

— Чым займаецеся цяпер ва Ўкраіне і чаму гэтая беларуская гісторыя зноў вярнулася ў вашае жыцьцё?

Нехта мяркуе, што ў мяне ёсьць сродкі, якімі я магу падзяліцца.

— Ва Ўкраіне я працую на рынку страхаваньня. А ў матэрыялах украінскай справы мясцовыя праваахоўнікі выкарысталі запыт Беларусі з 2008 году. Да гэтага часу я нікому ня быў патрэбны. Хаця, шчыра кажучы, на працягу усіх дзесяці гадоў майго знаходжаньня ва Ўкраіне мяне не аднойчы выклікалі ў праваахоўныя органы, і ўсё гэта завяршалася тлумачальнымі запіскамі. Я не прыхоўваўся і заўсёды прыходзіў і адказваў на ўсе пытаньні. Цяпер жа стае відавочным, навошта гэта рабілася. Нехта мяркуе, што ў мяне ёсьць сродкі, якімі я магу падзяліцца.

— Вам наўпрост прапанавалі адкупіцца?

— Далі зразумець. Бо размаўлялі ня толькі са мной, але і з маімі адвакатамі. Гэтая гісторыя цягнецца са жніўня, калі я наўпрост адмовіўся плаціць. А ў верасьні завялі справу, на падставе якой і прыйшлі зь ператрусам. Сьледчы мяркуе, што ў мяне ў доме захоўваюцца боепрыпасы, і на гэтай падставе суд даў санкцыю на ператрус. Пад час гэтага ператрусу мне падкінулі патроны, і гэта пацьвярджае відэафіксацыя.

— Вы лічыце гэты перасьлед палітычным ці эканамічным?

— Гэта вымаганьне хабару. На апошні момант яго памер зьнізілі да 50 тысяч даляраў, хаця яшчэ летам называлі суму 300 тысяч даляраў.

— Цяпер адчуваеце сябе ў бясьпецы?

Застрэлілі сабаку, дзіця ў стане стрэсу...

Я грамадзянін Украіны. Мяне незаконна затрымалі, незаконна ўтрымлівалі ў ізалятары амаль чатыры дні. Суд прыняў да ўвагі арыгінал майго пашпарту, пасьведчаньне аб шлюбе, аб нараджэньні маіх дзяцей, усю гісторыю атрыманьня ўкраінскага грамадзянства. І адмовіў пракуратуры ў маім арышце. Я цяпер на свабодзе, і мне ня вылучылі ніякіх абвінавачаньняў. Але я не адчуваю сябе ў бясьпецы. І ў мяне няма іншага выйсьця, як абараняць сябе ў межах прававога поля Ўкраіны, і разам з адвакатамі пісаць заявы пра незаконныя дзеяньні. Як можна маўчаць? Застрэлілі (пад час ператрусу — РС) сабаку, дзіця ў стане стрэсу пасьля наведваньня ўзброеных праваахоўнікаў, жонка усе гэтыя дні прыгнечаная. Адзіны шлях — прававы.

Беларускі апазыцыйны палітык Вячаслаў Сіўчык паведаміў карэспандэнту Свабоды, што ведае бізнэсоўца Цімафея Кахановіча.

«Супраць яго была ўчынена правакацыя. Ёсьць відэа, як яму падкідаюць патрон. Я магу выказаць толькі шкадаваньне, што такія гісторыі адбываюцца ва Украіне, бо ўкраінскі народ нам братні. І вось гэтыя правакацыі супраць беларусаў, якія зьдзяйсьняюцца прадстаўнікамі сілавых структур, гэта насамрэч вельмі кепска. А спадару Цімафею я пажадаў бы вытрымкі, каб перажыць гэтыя непрыемныя падзеі. Я спадзяюся, што пасьля таго як ва украінскіх мэдыях апублікавана гэта інфармацыя, ня будзе стаяць пытаньне пра яго дэпартацыю ў Беларусь. Гэта чалавек вядомы, нашы актывісты супрацоўнічаюць зь ім у Кіеве. І Украіна ня мае ніякага маральнага права выдаваць яго Беларусі. Ён зьяўляецца грамадзянінам Украіны. Але нават калі б ён ня быў украінскім грамадзянінам я не ўяўляю як гэта можна зрабіць, асабліва калі ўлічыць, што 22 студзеня будзе чарговая гадавіна забойства Міхася Жызьнеўскага на Майдане».