Хлопчык, якога шукалі суткі, знайшоўся ў Чыжоўцы каля аптэкі

З хлопчыкам Данікам Сакалоўскім, які зьнік 10 студзеня ў Лошыцы, усё ў парадку, ён жывы-здаровы, не абмарозіўся і нават не замерз. Крыху напалоханы і пакуль, як выказаўся каардынатар пошукава-выратавальнага атраду «Анёл» Дзьмітры, «прыдумляе казкі, дзе ён быў, кажа, што начаваў недзе на Ангарскай».

У Менску роўна суткі шукалі 10-гадовага Данііла Сакалоўскага, які зьнік 10 студзеня ў сталічным мікрараёне Лошыца. Да пошукаў далучыліся міліцыя, настаўнікі, валянтэры.

Учора прыкладна а 15 гадзіне Данік Сакалоўскі выйшаў разам з аднаклясьнікамі са школы № 24, што на вуліцы Прушынскіх у сталічным мікрараёне Лошыца. Гэта зафіксавалі камэры відэаназіраньня. Дадому хлопчык не прыйшоў.

Каардынатар «Анёла» Дзьмітры сказаў Свабодзе, што валянтэры прачасалі мікрараён Лошыца. Спраўджвалі сыгналы, якія паступалі ад неабыякавых грамадзян.

У суполцы «Анёла» «Ўкантакце» мужчына напісаў, што ягоны сын бачыў падобнага хлопчыка каля гімназіі, у яго была брудная куртка. Іншая дзяўчына пісала, што бачыла хлопчыка ў раёне вакзалу, размаўляла зь ім. Яна таксама пацьвердзіла, што куртка была ў пабелцы. Запыталася, чаму дзіця ня ў школе, хлопчык адказаў, што вакацыі працягнулі. Назваўся Максімам. Калі жанчына палезла па тэлефон, хлопец зьнік.

Асабліва пільна правяралі буйныя гандлёвыя цэнтры і вялікія крамы, дзе звычайна любяць бавіць час і «тусавацца» дзеці і падлеткі пасьля школы — «Галілеа», «Галерэю», «Е-Сіці», «Гіпа», а таксама «Макдональдсы» і «Бургэр Кінгі».

Некаторыя СМІ пісалі, што хлопчык адзін раз ужо сыходзіў з дому, калі атрымаў двойку, але яго хутка знайшлі ў гандлёвым цэнтры. Гэтым разам мог здарыцца канфлікт зь дзецьмі з прычыны бонсьцікаў — маўляў, сябры абвінавацілі хлопца, што той узяў чужыя цацкі.

Дырэктар школы № 24, дзе вучыцца Данік, Сьвятлана Міхайлаўна Грыцюта кажа, што Данііл звычайнае дзіцё, надзвычай жыцьцярадасны хлопчыка, ніякіх асаблівасьцяў у паводзінах яна ў яго не назірала.

Праз суткі пошукаў, 11 студзеня, хлопчыка знайшлі каля аптэкі ў сталічным мікрараёне Чыжоўка. Зь ім усё ў парадку, жывы-здаровы.