У ЗША апублікаваны праект новай ядзернай палітыкі

Атамная субмарына ЗША з крылаіымі ракетамі (архіўнае фота)

У Вашынгтоне лічаць Расею і Кітай галоўнымі супернікамі Злучаных Штатаў. Пра гэта гаворыцца ў новым «Аглядзе ядзернай палітыкі» (Nuclear Posture Review) ЗША, праект якой апублікавала амэрыканскае выданьне The Huffington Post.

«Агляд ядзернай палітыкі» прыйдзе на зьмену дактрыне 2010 году, прынятай пры адміністрацыі Барака Абамы.

З праекту новай стратэгіі вынікае, што для супрацьстаяньня Расеі і Кітаю Вашынгтон гатовы пачаць інвэставаць у новыя сыстэмы ўзбраеньняў, уключаючы маламагутную ядзерную боегалоўку для марскіх балістычных ракет Trident D5, і мадэрнізацыю старых праграм, уключаючы крылатыя ракеты марскога базаваньня Tomahawk. Паводле задумы аўтараў стратэгіі, гэта павінна пазбавіць Расею ілюзіі, што яна зможа першай нанесьці ядзерны ўдар па Эўропе.