Грузія з 2018 году больш не плянуе купляць газ у Расеі

Грузія з гэтага года не плянуе купляць газ у Расеі, паколькі ўся запатрабаванасьць на гэты від паліва пакрывае Азэрбайджан. Пра гэта заявіў намесьнік міністра эканомікі Грузіі Георгій Чыкавані.

Грузія з гэтага года не плянуе купляць газ у Расеі, паколькі ўсю запатрабаванасьць на гэты від паліва пакрывае Азэрбайджан. Пра гэта заявіў намесьнік міністра эканомікі Грузіі Георгій Чыкавані.

Грузінская апазыцыя раней заяўляла, што ўрад няздольны набыць прыродны газ у кампаніі «Газпром» пасьля таго, як у мінулым годзе Масква і Тбілісі дамовіліся «манэтызаваць» плату за транзыт паліва ў Армэнію. Чыноўнік гэтыя сьцьвярджэньні адхіліў.

«Нельга сказаць, што нам не хапае грошай на набыцьцё расейскага газу. У любым выпадку, грашовая ўзнагарода досыць вялікая», — заявіў намесьнік міністра. Ён падкрэсьліў, што ў цяперашні час «Грузіі проста не патрэбны расейскі газ, паколькі цалкам хапае азэрбайджанскага».

Паводле дамовы паміж «Газмпромом» і грузінскім урадам, за транзыт газу ў Армэнію ў мінулым годзе плацілі часткова грашыма і часткова сыравінай. З 2018 году аплата будзе праводзіцца толькі грашыма. Раней ад транзыту расейскага газу ў Армэнію Грузія атрымлівала 10 працэнтаў ад агульнага аб’ёму яго транспарціроўкі.