Стаўка рэфінансаваньня зьніжаецца да 10,5% гадавых

Нацыянальны банк з 14 лютага на паўпрацэнта зьніжае стаўку рэфінансаваньня — з 11 да 10,5% гадавых, паведамляе БелаПАН.

Летась Нацбанк зьніжаў стаўку восем разоў — з 18 да 11%. Апошні раз — у кастрычніку.

Зьніжэньне стаўкі рэфінансаваньня тлумачыцца нізкім тэмпам росту цэнаў, спрыяльным прагнозам па інфляцыі, працягам аднаўленчага росту эканомікі і спрыяльнымі тэндэнцыямі на зьнешніх рынках.

Інфляцыя ў 2017 годзе склала 4,6%. На сёлета прагназуюць ня больш за 6%.

Больш нізкай стаўка рэфінансаваньня была толькі ў 2006 і 2007 гадах — 10%, а рэкордна высокай — у 1994-м, аж 480%.

Паводле прадстаўніка Нацбанку Дзьмітрыя Мурына, стаўка да канца году можа скласьці 9,5–10,5%,

Стаўка рэфінансаваньня вызначае працэнты, якія трэба выплаціць галоўнаму банку краіны за крэдыты. Ад яе залежыць, наколькі дарагія ці танныя крэдыты могуць даваць банкі. Чым больш надзейная фінансавая сытуацыя ў дзяржаве, тым меншая стаўка і тым больш даступныя грошы.