«Мясцовыя» дэпутаты зьнікаюць, але ніхто гэтага не заўважае

Беларускія ўлады, дзеля таго каб людзі пайшлі галасаваць на мясцовых выбарах, цяпер шмат кажуць пра важнасьць менавіта мясцовых саветаў. Маўляў, бязь іх і «жыцьцё спыніцца». Насамрэч у некаторых рэгіёнах ужо паўтара года няма даволі шмат дэпутатаў найвышэйшага мясцовага роўню — абласных і Менскага гарадзкога саветаў. І, як ні дзіўна, амаль ніхто гэтага не заўважыў. Пра такі незвычайны аспэкт беларускіх выбараў — у матэрыяле Свабоды.

Менск: амаль 150 тысяч выбарнікаў ня маюць у гарсавеце сваіх прадстаўнікоў

18 лютага ў Менску абяруць 57 дэпутатаў гарсавету. Чатыры гады таму, у сакавіку 2014 году, таксама абралі 57. А сёньня іх толькі 50.

Як так здарылася? Адразу шасьцёра сталічных дэпутатаў увосень 2016 году сталі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Гэта Тацяна Сайганава, Людміла Макарына-Кібак, Ігар Камароўскі, Віталь Місявец, Ганна Старавойтава, Аляксей Сокал. Яшчэ адзін дэпутат, Юры Чачукевіч, загінуў у 2017 годзе.

«Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ня можа быць адначасова дэпутатам яшчэ нейкага іншага савету. У дадзеным выпадку, пасьля таго як гэтыя людзі сталі дэпутатамі парлямэнту, яны спынілі свае паўнамоцтвы ў гарадзкім савеце», — сказала Свабодзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Яна ўдакладняе, што давыбары ў Менску не праводзіліся.

«Гарадзкая выбарчая камісія іх не прызначала. Можа, там палічылі, што яны не адбудуцца. У нас ня вызначана, у які тэрмін павінны быць прызначаныя давыбары. Цяпер іх рэдка прызначаюць, бо самі па сабе такія выбары не правядзеш».

Паводле дадзеных той жа Цэнтральнай камісіі, у сталіцы болей за 1 мільён 280 тысяч выбарнікаў. Выходзіць дзесьці 23 тысячы на адну акругу. У суме больш за 150 тысяч менскіх выбарнікаў ня маюць свайго дэпутата.

І ўлады нічога ня робяць. Бо калі б дэпутат гарсавету сапраўды быў такой важнай фігурай, як пра гэта гаворыць начальства, хіба не правялі б давыбары?

Сяргей Антончык

Сяргей Антончык быў дэпутатам менскага гарсавету ў 1990–1995 гадах. Ён кажа Свабодзе, што калі б такая сытуацыя склалася ў гарсавеце ў той час, то давыбары адразу б прызначылі.

«Тады час быў іншы, дэмакратыя націскала. А цяпер якая розьніца, ёсьць там дэпутат ад нейкай акругі ці яго няма? Там усе прызначэнцы ўлады, што ім загадаюць, то і робяць. Я на такія выбары ўжо даўно не хаджу, ня бачу ніякага сэнсу», — кажа ён.

Экс-дэпутат дадае, што тыя асновы самакіраваньня, якія закладаліся ў ягоныя часы, вынішчаныя ўшчэнт. «Саветы сталі прыдаткам выканаўчай улады. І ня болей за тое», — кажа Антончык.

Паставы і Ворша — паўтара года без сваіх дэпутатаў у аблсавеце

Пасьля абраньня ў Віцебскі аблсавет у 2014 годзе Сяргей Зямчонак і Віталь Чудовіч у 2016-м падаліся ў Палату прадстаўнікоў — і таксама былі абраныя.

На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму спадары Зямчонак і Чудовіч зафіксаваныя і ў сьпісе дэпутатаў абласнога савету, і ў пераліку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Жыхарам Паставаў імя Сяргея Зямчонка добра знаёмае. Праўда, ня столькі праз дэпутацкую дзейнасьць, хоць ён і абіраўся ў Віцебскі аблсавет тройчы запар. Яго ведаюць найперш як дырэктара ААТ «Паставымэбля»: на гэтым прадпрыемстве ён калісьці пачынаў працаваць шараговым работнікам, а ў 2016-м, акурат перад абраньнем у Палату, адзначыў 10-гадовы «дырэктарскі» юбілей.

Канстатаваўшы, што цяжка даць рады эканамічнай палітыцы нават свайго прадпрыемства, Сяргей Зямчонак, тым ня менш, кіраваў эканомікай усёй вобласьці — працаваў у камісіі па эканоміцы Віцебскага аблсавету. А пасьля абраньня ў Палату прадстаўнікоў ён і ўвогуле стаў намесьнікам старшыні камісіі па эканамічнай палітыцы.

Прасачыць за ягонай працай у гэтай якасьці землякам цяжкавата — пра гэта чамусьці ня пішуць мясцовыя СМІ. Затое раённая газэта «Пастаўскі край» вельмі часта зьмяшчае матэрыялы пра ўдзел спадара Зямчонка ў грамадзкіх мерапрыемствах. То ён вітае выхаванцаў раённага сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру, то ўскладае вянкі да помніка пераможцам у Вялікай Айчыннай вайне.

Што да асабістых прыёмаў, якія дэпутат Палаты прадстаўнікоў праводзіць у Паставах, то наведнікаў на іх бывае вельмі мала: у траўні мінулага году прыйшлі два чалавекі, у кастрычніку — увогуле адзін.

Карняенка: «Вэртыкальшчыкі змагаюцца за яўку, бо ў іх спаборніцтва, хто лепш служыць уладзе»

Аршанскі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Віталь Чудовіч, наадварот, абсалютна не мэдыйная асоба. Адзіная згадка пра яго ў мясцовым друку зьвязаная з удзелам ва ўрачыстасьцях да 100-годзьдзя «Аршанскай газеты». У сакавіку 2014 году кіраўнік аршанскага лякаматыўнага дэпо стаў дэпутатам Віцебскага абласнога савету, а ў 2016-м трапіў у Палату прадстаўнікоў. Прычым на сайце Аршанскага райвыканкаму дагэтуль пазначана, што ён адначасова і дэпутат у аблсавеце, дзе працуе ў камісіі па пытаньнях прамысловасьці, транспарту, будаўніцтва і ЖКГ.

Канкурэнтам Чудовіча на мінулых мясцовых выбарах быў беспартыйны актывіст Канстанцін Анташкевіч, абодва балятаваліся ў абласны савет.

«Мы ішлі па Чыгуначнай выбарчай акрузе № 22. Я нават памятаю ягоную дэклярацыю: дзьве кватэры ў Воршы, аўтамабіль і гараж. Ён начальнік дэпо — зразумела, яго прасоўвалі наперад улады. А цяпер што ён дэпутат Палаты, што быў дэпутатам у вобласьці — якая розьніца! У нас людзі ня ведаюць ні тых, ні тых, бо ня вераць ніводнаму», — кажа спадар Анташкевіч.

Берасьцейшчына: «Насельніцтва дэпутатаў увогуле ня ведае»

На Берасьцейшчыне трое дэпутатаў абласнога савету здалі свае мандаты пасьля таго, як былі абраныя ў Палату прадстаўнікоў. Гэта Леанід Брыч зь Берасьця, Васіль Дземідовіч з Кобрына, Ігар Невар з Лунінца. У выніку на сайце аблвыканкаму ў сьпісе абласных дэпутатаў зьявіліся пазнакі, што гэтыя дэпутаты пайшлі ў вышэйшы заканадаўчы орган.

На пытаньне Свабоды, ці заўважылі ў Кобрыне «зьнікненьне» абласнога дэпутата, мясцовы актывіст Алесь Мех кажа, што «ніхто не заўважыў і ягонага зьяўленьня ў Палаце прадстаўнікоў».

«Усе ж выдатна ведаюць, што гэтых дэпутатаў прызначаюць, і ніякіх іншых варыянтаў людзям прапаноўвацца ня будзе. А людзі як не заўважылі, што ў нас зьнік дэпутат, так не заўважалі і раней, што ён зьявіўся. Ідзе такая гульня паміж насельніцтвам і паміж тымі, хто трымае ўладу: улада робіць выгляд, што быццам ёсьць нейкія дэпутаты, а насельніцтва быццам бы іх абірае. Але ж гэтых дэпутатаў увогуле і ня ведае», — кажа Алесь Мех.

Агулам у Берасьцейскі абласны савет 27 скліканьня было абрана 57 дэпутатаў. Зь іх трое згаданых потым абраліся ў Палату прадстаўнікоў. А паўнамоцтвы яшчэ трох былі спыненыя, у тым ліку і з прычыны судовых спраў, як было з дэпутатам Андрэем Кукарам, супраць якога заводзілася крымінальная справа за перавышэньне ўлады.

У якой з партый на мясцовых выбарах найбольш кандыдатаў з крымінальным мінулым