ЗША абвінавацілі Расею ў абвастрэньні сытуацыі ва Ўсходняй Гуце

Ілюстрацыйнае фота. Параненыя пасьля бамбаваньняў ва Ўсходняй Гуце. 21 лютага 2018 году

У Маскве прэтэнзіі Вашынгтону палічылі неабгрунтаванымі.

Дзярждэпартамэнт ЗША абвінаваціў Расею ў «правале астанінскага працэсу», падкрэсьліўшы, што менавіта Масква «нясе поўную адказнасьць» за тое, што адбываецца ў Сырыі.

«Тое, што адбываецца цяпер ва Ўсходняй Гуце, яшчэ раз пацьвярджае тое, што мы ўжо абмяркоўвалі неаднаразова... хто нясе адказнасьць за правал астанінскага працэсу», — паведаміла ў ходзе штодзённага брыфінгу ў чацьвер прадстаўніца Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт.

Нагадаем, што напярэдадні з абвінавачваньнямі ў адрас Масквы выступіў і Белы дом. Як падкрэсьліла прэс-сакратарка прэзыдэнта ЗША Сара Сандэрс, дзеяньні расейскага боку ўжо прывялі да гібелі мірных жыхароў ва Ўсходняй Гуце.

У сваю чаргу, прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў у чацьвер заявіў, што Расея, Сырыя і Іран «вядуць непрымірымую барацьбу з тэрарыстамі» ў рэгіёне, а за падзеі ва Ўсходняй Гуце «нясуць адказнасьць тыя, хто падтрымліваюць тэрарыстаў».

Пры гэтым вайскоўцы і ў ЗША, і ў Расеі падкрэсьлена ня ўмешваюцца ў новы канфлікт, які разгортваецца непадалёк ад Дамаску.

«Ваенная місія ЗША ў Сырыі абмяжоўваецца барацьбой з тэрарызмам і нанясеньнем паразы „Ісламскай дзяржаве“, — растлумачыў „Голасу Амэрыкі“ прадстаўнік Цэнтральнага камандаваньня ЗША палкоўніка Джон Томас. — У нас няма законных падстаў для ўдзелу ў іншых канфліктах, якія разгортваюцца ў Сырыі».

Палкоўнік удакладніў, што ўзаемадзеяньне паміж амэрыканскімі і расейскімі вайскоўцамі ў рэгіёне абмяжоўваецца толькі абменам інфармацыі аб палётах баявой авіяцыі.

«Тэлефонная лінія, празь якую мы падтрымліваем сувязь з расейцамі, існуе толькі для таго, каб перадаваць інфармацыю... зьвязаную з тым, дзе менавіта мы будзем лятаць у адной паветранай прасторы з імі, для прадухіленьня інцыдэнтаў і большай празрыстасьці ў тым, што тычыцца штодзённых палётаў», — растлумачыў Джон Томас.

Кіраўнік Цэнтру аналізу блізкаўсходніх канфліктаў Інстытуту ЗША і Канады РАН Аляксандар Шумілін таксама ўпэўнены ў тым, што ваенных спосабаў вырашэньня сырыйскага канфлікту не існуе.

«Цяпер ужо гранічна ясна, што сырыйская „мешаніна“ перайшло ў новую стадыю, і ў гэтым канфлікце зьявілася мноства новых „гульцоў“, — сказаў ён Расейскай службе «Голаса Амэрыкі». — Але нельга казаць, што ўсе ваююць супраць усіх. Лінія супрацьстаяньня не зьмянілася ні на ёту — гэта па-ранейшаму барацьба паміж прыхільнікамі Асада і яго сапернікамі».

На думку Аляксандра Шуміліна, ваенная параза «Ісламскай дзяржавы» вярнула на парадак дня галоўную прычыну сырыйскага крызісу.

«Гэта грамадзянская вайна ў пашыраным выглядзе, — лічыць экспэрт. — Яна была ў аснове сырыйскай трагедыі, і цяпер гэтая прычына проста „агаліліся“ пасьля сыходу са сцэны «Ісламскай дзяржавы». Як можна зьнізіць напал барацьбы? У кожнага ачага ўзгараньня ў сырыйскім канфлікце ёсьць свае ўласныя прычыны, але агульны назоўнік адзін — пакуль Асад застаецца ў Дамаску, канфлікт будзе працягвацца».