Беларускія і замежныя дыпляматы чыталі Купалу па-беларуску

Намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Дапкюнас — сваяк Янкі Купалы

27 лютага ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі прайшло ўрачыстае мерапрыемства «Чытаем Купалу разам».

Намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Дапкюнас — сваяк народнага паэта, кіраўнікі дыпляматычных місій і прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, якія акрэдытаваныя ў Менску, чыталі ўрыўкі з цыклю грамадзянска-патрыятычнай лірыкі Янкі Купалы, створанага 100 гадоў таму.

Да мікрафона падышло некалькі дзясяткаў дыпляматаў. Сярод іх, у прыватнасьці, былі амбасадар Чэхіі Мілан Экерт, амбасадар Літвы Андрус Пулокас, часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі, часовы павераны ў справах Вялікай Брытаніі ў Беларусі Ян Фокс.

Кожны з выступоўцаў чытаў фрагмэнт па-беларуску, а некаторыя — і пераклады на свае мовы.

Андрэй Дапкюнас сказаў, што «творчасьць Купалы надзвычай важная для любога беларуса і нават замежніка, бо народны пясьняр як ніхто дае зразумець, чаму мы такія, якія мы ёсьць». І дадаў, што «праца дыплямата — гэта нават ня столькі супрацоўніцтва ўстаноў, колькі ўзаемадзеяньне людзей, чалавечых душ. А тут вельмі важна, калі гучыць жывое роднае слова».

Кіраўнік міжнароднага фонду імя Янкі Купалы прафэсар Вячаслаў Рагойша паведаміў прысутным, што літаральна з дня на дзень выйдзе кніга зь вершам Янкі Купалы «А хто там ідзе?» у перакладзе на 101 мову. Прадмову да яе напісаў міністар замежных спраў Уладзімер Макей.

Журналісты, якія прысутнічалі на вечарыне, заўважылі, што ўжо не другі, а трэці год запар на ёй адсутнічае дуаен (найстарэйшы прадстаўнік дыпляматычнага корпусу) — амбасадар Расеі Аляксандар Сурыкаў. Сёлета Купалу чытала трэці сакратар амбасады Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Марыя Данец.