Пасьля забойства журналіста сышлі ў адстаўку міністар культуры, памочніца прэм’ера і сакратар Рады бясьпекі Славаччыны

Сьвечкі ля фатаграфіі забітага журналіста Яна Куцьяка.

У Славаччыне пасьля забойства журналіста Яна Куцьяка ў адстаўку сышла памочніца прэмʼер-міністра Марыя Трошкава, сакратар Рады бясьпекі Віліам Ясань, а таксама міністар культуры Славаччыны Марэк Мадьярыч.

Апошні заявіў, што ня можа сабе ўявіць, як «будзе сядзець у крэсьле міністра» пасьля таго, што здарылася.

Ян Куцьяк працаваў у рэдакцыі сайта Aktuality.sk. У супрацоўніцтве з міжнародным Цэнтрам у справе дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP) ён расьсьледаваў магчымыя сувязі славацкіх палітыкаў з італьянскай мафіяй. Апошні артыкул Куцьяка, апублікаваны 9 лютага, прысьвечаны падазрэньню ў падатковым махлярстве, зьвязаным з элітным жылым комплексам у Браціславе.

Цела журналіста з агнястрэльнымі раненьнямі было знойдзена 25 лютага. У паліцыі адразу адзначылі, што забойства можа быць зьвязана з журналісцкай дзейнасьцю Куцьяка. Славаччына «ніколі не сутыкалася з такім беспрэцэдэнтным нападам на журналіста», — сказаў паліцэйскі прадстаўнік. У сувязі з тым, што адбылося, славацкая апазыцыя патрабуе далейшых адставак — у прыватнасьці, міністра ўнутраных спраў Робэрта Каліняка і шэфа паліцыі Тыбара Гашпара.