Дональд Трамп: Паўночная Карэя гатова спыніць ядзерныя выпрабаваньні

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў у суботу, што Паўночная Карэя гатова адмовіцца ад выпрабаваньняў зброі масавага паражэньня. Гэта паведамленьне зьявілася неўзабаве пасьля нечаканай навіны пра гатоўнасьць лідэра ЗША сустрэцца з кіраўніком КНДР для перамоваў пра лёс ядзернай праграмы Пхеньяна.

«Паўночная Карэя не праводзіла выпрабаваньні ракетнай зброі з 28 лістапада 2017 года і паабяцала не рабіць гэтага да нашай сустрэчы. Я веру, што яна стрымае свае абяцаньні», — напісаў Дональд Трамп у сваім «Твітэры».

Раней у суботу Трамп заявіў, што ён правёў перамовы зь лідэрамі Кітая і Японіі аб маючых адбыцца перамовах, і паведаміў, што атрымаў падтрымку кіраўнікоў гэтых краін. «Старшыня Кітая Сі Цзіньпін і я доўга размаўлялі пра сустрэчу зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам, Старшыня Сі сказаў мне, што падтрымлівае ініцыятыву ЗША вырашыць праблему дыпляматычным шляхам, не выкарыстоўваючы іншыя сродкі», — напісаў Дональд Трамп.

На гэтым тыдні паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын прапанаваў прэзыдэнту ЗША правесьці сумесную сустрэчу, Дональд Трамп адказаў, што прымае гэтую прапанову, паведамляе «Голас Амэрыкі».