Затрыманага актывіста Моладзі БНФ аштрафавалі за раздачу запрашэньняў на Дзень Волі

Скульптура царскага паліцыянта ў Менску, ля якой фатаграфаваліся затрыманыя актывісты Моладзі БНФ

Суд Маскоўскага раёну Менску асудзіў 23 сакавіка ўдзельніка Моладзі БНФ Арцёма Касаварава на 6 базавых велічынь (147 рублёў).

Паводле першай часткі КаАП 23.34 Касавараў прызнаны вінаватым у парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства.

Арцёма Касаварава разам з трыма іншымі актывістамі Моладзі БНФ затрымалі 22 сакавіка падчас раздаваньня ўлётак пра дазволены Менгарвыканкамам канцэрт 25 сакавіка каля Опэрнага тэатру. Праходзячы па вуліцы Гарадзкі Вал, двое з актывістаў вырашылі сфатаграфавацца каля скульптуры менскага гарадавога. Менавіта ў гэты момант да маладых людзей падышлі супрацоўнікі міліцыі.

Ноч да суду Касавараў правёў у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Непаўналетніх актывістаў Моладзі БНФ адпусьцілі.

Помнік гарадавому ў форме Расейскай імпэрыі адкрылі ў Менску да 100-годзьдзя беларускай міліцыі летась у сакавіку. Гэты помнік ужо фігураваў у ранейшых затрыманьнях. Вячаславу Касінераву было прад’яўлена абвінавачаньне за пэрформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на статую «царскага гарадавога». Актывіст такім чынам выказаў пратэст супраць міліцэйскага самавольства і перасьледу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях. Касінерава абвінавацілі ў хуліганстве. Маскоўскі суд Менску пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь. Таксама за ланцужок на шыю гарадавога затрымлівалі бяздомнага, які тлумачыў свой учынак «добрым надворʼем».

2 сакавіка гарадзкія ўлады Менску далі дазвол на канцэрт і мітынг каля Опэрнага тэатру 25 сакавіка. На правядзеньне канцэрту-мітынгу талакой сабралі амаль 35 тысяч рублёў, збор сродкаў працягваецца.