Як вязень туркмэнскага і беларускага рэжымаў стаў узорным эўрапейцам

Чары Анамурадаў каля каралеўскай рэзыдэнцыі ў Стакгольме

Чары Анамурадаў — вязень постсавецкіх аўтакратый. У ашгабадзкай турме ледзь не памёр ад зьдзекаў і катаваньняў, у менскай падхапіў сухоты і цудам пазьбег выкраданьня расейскімі спэцслужбамі. Цяпер жыве ў Швэцыі. Радыё Свабода наведалася да дысыдэнта, журналіста, прадпрымальніка.

60-гадовы нараджэнец Ашгабаду наймае кватэру ў спальным раёне на ўскраіне швэдзкай сталіцы. У антуражы скандынаўскага мінімалізму знайшлося месца і напаміну пра Радзіму — туркмэнскія сьцяжкі, мастацкая літаратура, папахі-тэльпекі ўнукаў.

Дзед Чары з унукамі Аляксандрам і Даўлетам

​Дзьве старэйшыя дачкі — Джэнэт і Агулжэмал — жывуць самастойна, жонка Герэк з малодшай Бібі дагэтуль былі ў Мальмё, ня так даўно таксама пераехалі ў Стакгольм. Чары вольна размаўляе на фарсі, турэцкай, расейскай, швэдзкай, дацкай; ня мае праблемаў у камунікацыі з носьбітамі нарвэскай, ангельскай, нямецкай, беларускай моваў.

Ад актыўнай журналістыкі ён адышоў, зарабляе кіроўцам таксі Uber. Раней меў невялікі аўтапарк, але, падарваўшы здароўе ў менскім СІЗА № 1, абмежаваўся эканамічным гібрыдам Toyota Prius. Даходаў хапае і на трохпакаёўку, арэнда якой абыходзіцца прыкладна ў 1000 эўра, і на іншыя патрэбы, уключна з вандроўкамі.

Сымболіка далёкай Радзімы

Ягоная кватэра рэдка пустуе — тут знаходзяць прытулак землякі-мігранты, якія ратуюцца ад сярэднеазіяцкіх рэжымаў. Вось і гэтым разам на абед быў самаркандзкі плоў ад пастаяльцаў-узбэкаў. Гаспадар не па чутках ведае, як важна своечасова дапамагчы таму, хто ў бядзе.

Начны гаршчок для Туркмэнбашы

Чары Анамурадаў рабіў на радзіме добрую кар’еру. У 1983 годзе скончыў вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў у Ташкенце, працаваў сьледчым у Ашгабадзе. У пераломныя 1990-я перакваліфікаваўся на расьсьледавальную журналістыку.

Праблемы пачаліся пасьля таго, як заглыбіўся ў непажаданыя тэмы. У кастрычніку 1997-га быў асуджаны на 18 гадоў зьняволеньня рэжымам тагачаснага лідэра Сапармурада Ніязава.

Інкрымінаваліся паўтара дзясятка артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ад кантрабанды да крадзяжу дзяржаўнай уласнасьці. Сам ён перакананы: сапраўднай прычынай сталі расьсьледаваньні пра пастаўку наркотыкаў, які прыкрываліся на дзяржаўным узроўні. Адным з герояў рэпартажаў быў Хажагельды Аразгельдыеў, пляменьнік будучага прэзыдэнта Гурбангулы Бэрдымухамэдава, асуджаны за наркатрафік з Аўганістану і Ірану.

Вінтавая лесьвіца шматкватэрнага дому

А яшчэ — сьмелыя акцыі, якія наўрад ці маглі прайсьці незаўважанымі. Аднойчы ўначы ў гарадзкім парку ўчыніў рызыкоўны пэрформанс. Падсунуў дзіцячы гаршчок пад сядзячую скульптуру «бацькі ўсіх туркмэнаў» ды выправіў надпіс «Халк — Ватан — Туркмэнбашы» («Народ — Радзіма — Туркмэнбашы»): у слове «Ватан» першую літару перамаляваў на «с». Выйшаў прынцыпова іншы сэнс: «Народ Здрадзіў Туркмэнбашы». Назаўтра тэрыторыю ачапілі вайскоўцы. Па гарачых сьлядах зламысьніка не знайшлі, але пазьней вылічылі.

Першы год апазыцыянэр правёў у сьледчым ізалятары № 1 Ашгабаду — у памяшканьне 6×4 мэтры ўціснулі амаль паўсотні чалавек. Летам у душных і перапоўненых камэрах тэмпэратура падымалася вышэй за 60 градусаў, ад абязводжваньня вязьні трацілі прытомнасьць, паміралі ад недахопу кіслароду і кепскай вэнтыляцыі. Іх месцы тут жа займалі новыя патэнцыйныя сьмяротнікі.

Пасьля гэтага тры сотні «палітычных» этапавалі на захад: побач з пасёлкам Акташ у пустыні Каракумы на сонцапёку будавалі сабе турму. У першы ж час больш за 70 чалавек сканалі ад трапічнай дызэнтэрыі, у рознай ступені перахварэлі ўсе астатнія. Наступныя гады сталі, бадай, самымі жахлівымі ў жыцьці Чары і ягоных таварышаў па няшчасьці: ежы не хапала, мусілі лавіць пацукоў. Пра мэдычную дапамогу гаворкі не было ўвогуле.

Пасьля сьмерці Ніязава статус «палітычнай» з зоны прыбралі, цяпер там трымаюць асуджаных пажыцьцёва.

Марскія краявіды стакгольмскай ускраіны

Не без спрыяньня заступнікаў з тэйпу (форма рэгіянальнай сямейна-зямляцкай повязі ў Сярэдняй Азіі — РС.) выйшаў па амністыі, аднак неўзабаве яго зноў затрымалі, зьбілі, пагражалі новай справай. Тыя ж людзі арганізавалі ўцёкі — праз Узбэкістан, Кіргізстан, Казахстан і далей у Расею. Дапамаглі з афармленьнем расейскага грамадзянства. Але туркмэнскія спэцслужбы хутка вылічылі ўцекача. Тады перабраўся ў Беларусь.

У Менску жыў больш за два гады, сюды з прыгодамі дабралася і сям’я. Калі зноў адчуў перасьлед, пераехаў у Прагу — працаўладкавала Туркмэнская служба Радыё Свабода. Празь нейкі час падаў дакумэнты на палітычны прытулак у Швэцыі. Першым пунктам стаў невялікі гарадок Кальмар, а пасьля таго, як у 2004-м атрымаў швэдзкае грамадзянства, пераехаў у Стакгольм. У новым пашпарце фігуруе пад дзедавым прозьвішчам — Гылыч.

Пішчалаўскі замак і спроба выкраданьня

У ліпені 2016 году, маючы падвойнае грамадзянства Швэцыі і Расеі, Чары Анамурадаў прыляцеў у Менск з малодшай дачкой Бібі — хацеў паказаць краіну, якая так спагадліва паставілася ў складаны час. Аднак у аэрапорце тармазнулі памежнікі — маўляў, для высьвятленьня асобы. Дачку пры гэтым адпусьцілі — балазе зямляк прыехаў іх сустракаць.

Таксоўка Чары Анамурадава

У транспартнай пракуратуры патлумачылі прычыну затрымкі — на падставе заявы ў Інтэрпол з боку ўладаў Туркмэністану. Афіцыйны Ашгабад нібыта патрабаваў вяртаньня ўцекача. Замаячыла пэрспэктыва экстрадыцыі на радзіму. У чаканьні канчатковага рашэньня перавялі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага.

«На допыце транспартны пракурор казаў, што шанцаў вярнуцца ў Швэцыю няма, — згадвае экс-вязень Валадаркі. — Маўляў, рыхтуйся, выдадуць Туркмэністану... Але ж я не ўчыняў злачынстваў, тэрмін па палітычных артыкулах даўно адбыў, час даўнасьці па іх мінуў. Не было крымінальнай справы: я нікога не забіў, не падмануў, не схаваўся з крэдытам. Каб я сапраўды быў у вышуку Інтэрпола, даўно ўжо схапілі б — у Турэччыне, Украіне, Грузіі, я шмат дзе пабываў. Пра Эўропу нават не кажу: калі маеш ідэнтыфікацыйныя дадзеныя, перасоўвайся як заўгодна».

У менскім СІЗА Чары Анамурадава пратрымалі два месяцы і выпусьцілі гэтак жа нечакана, як і ўзялі. На яго перакананьне, спрацавала актыўнасьць швэдзкай амбасады і міжнародная салідарнасьць. А вось расейцы ўпарта ігнаравалі ўладальніка пашпарта з двухгаловым арлом — шматлікія звароты ў амбасаду так і засталіся без адказу.

Перад выездам на выклік да кліента

Пасьля таго, як вязьня даставілі ў адміністрацыйны корпус на афармленьне дакумэнтаў, зьявіўся чалавек у цывільным з двума афіцэрамі. Адмовіўся назвацца, толькі сказаў, што прадстаўляе інтарэсы Расейскай Фэдэрацыі. Пачаў распытваць, навошта прыехаў у Беларусь, якія ягоныя сапраўдныя мэты. А калі Анамурадаў атрымаў даведку аб вызваленьні і выйшаў ва ўнутраны дворык, падбеглі невядомыя, пачалі круціць і кудысьці цягнуць.

Пашчасьціла, што акурат у гэты момант зьявіліся супрацоўнікі швэдзкай амбасады і замах на выкраданьне спынілі.

Запасны самалёт для дысыдэнта

І ўсё ж — што стала прычынай цьмянай гісторыі, якая завяршылася гэтаксама раптоўна, як і пачалася?

«Мабыць, я проста фігураваў у старой базе КДБ, — мяркуе журналіст, — нехта ж мусіць зьбіраць выразкі з крытыкай прэзыдэнта. На пачатку 2000-х у Менск прыяжджаў Ніязаў, падпісвалі з Лукашэнкам пагадненьне „аб ненападзе“. Зрабілі спэктакль, якія яны „міралюбцы“. А на прэс-канфэрэнцыі, дзе я быў афіцыйна акрэдытаваны ад туркмэнскай Свабоды, задаў Лукашэнку пытаньне пра зьніклага журналіста Дзьмітрыя Завадзкага. Ён успыліў, грукаў па стале... Пэўна, ягоныя служкі не забыліся, занесьлі ў чорны сьпіс».

Адбіўшы свайго грамадзяніна ад расейскіх «ціхароў», швэдзкія дыпляматы набылі на яго імя авіяквіток транзытам да Стакгольму. На самой жа справе нядаўняга вязьня даставілі ў пункт пропуску VIP-пасажыраў на менскім лётнішчы і пасадзілі ў лёгкаматорны самалёт. Асноўны борт падняўся без Чары Анамурадава, рэгістрацыю на рэйс ён не праходзіў.

На стакгольмскіх каналах

Пакуль беларускія адвакаты і швэдзкія дыпляматы намагаліся давесьці беларускаму правасудзьдзю, што выслаць Чары Анамурадава на радзіму — значыць падпісаць яму сьмяротны прысуд, Бібі знаёмілася зь Менскам самастойна. Зноў яны пабачыліся толькі праз два месяцы.

Сухоты на памяць пра менскі ізалятар

А ўжо пасьля сустрэчы з роднымі ў Стакгольме высьветлілася, што менская эпапэя не прайшла бясьсьледна: па вяртаньні лекары дыягнаставалі ў Анамурадава сухоты. Ясна было, што палачку Коха ён падхапіў ва ўмовах турэмнай антысанітарыі. Іншыя варыянты нават не разглядаліся.

Чары Анамурадаў з малодшай дачкой Бібі

«Пасьля вызваленьня прайшоў камісію, потым паўторна праз тры месяцы, бо яшчэ ў першы раз лекары сказалі, што хвароба інкубіруецца і ў кожны момант можа ўзьнікнуць. І гэта пацьвердзілася, — кажа Чары. — Шчыра кажучы, нічога добрага я не чакаў ужо тады, калі праз акенца аўтазака ўбачыў „мэмарыяльную дошку“: Пішчалаўскі замак пабудаваны ў 1825 годзе. А як трапіў усярэдзіну, падалося, што будынак яшчэ старэйшы — ніякага намёку, што там хоць раз рабілі рамонт, хіба толькі сьцены „асьвяжаюць“ танкавай фарбай, пласт ужо ў палец».

Цяпер экс-вязень сталы кліент тубдыспансэра, мусіць рэгулярна наведвацца туды на абсьледаваньне. Паводле мэдыкаў, хвароба можа абвастрыцца ў любы момант — цалкам вылечыцца на такой стадыі малаверагодна.

Каля помніка швэдзкай пісьменьніцы Астрыд Ліндгрэн

​Як кажа Чары Анамурадаў, ягоныя менскія прыгоды мелі вялікі розгалас у Швэцыі — менавіта з прычыны перасьледу на радзіме швэдзкія ўлады ў 2003-м далі туркмэнскаму журналісту і яго сямʼі палітычны прытулак, а ўжо на наступны год і грамадзянства.

Спробы беларускага боку выдаць журналіста рэжыму Бэрдымухамэдава прымусілі чарговым разам засумнявацца ў лібэральнай рыторыцы афіцыйнага Менску.

«Неўзабаве пасьля майго вызваленьня Беларусь увяла кароткатэрміновы бязьвізавы рэжым, — працягвае суразмоўца. — Нібыта цікава, але людзі баяцца, ня хочуць рызыкаваць. Мне самі швэды казалі: ну як ехаць туды, дзе без усялякай віны можна сесьці ў турму? Мая гісторыя паказальная, яе тут шмат хто ведае. Я ж не грамадзянін Туркмэністану: калі не пражываеш на тэрыторыі дзяржавы два гады, аўтаматычна страчваеш грамадзянства. Я ня быў там ад пачатку нулявых. У 2004-м атрымаў швэдзкае грамадзянства».

Хоць выпрабаваньняў, празь якія давялося прайсьці на радзіме 20 гадоў таму, Чары Анамурадаў не пажадае і ворагу, параўноўваць умовы таго зьняволеньня зь беларускімі лічыць некарэктным. На яго перакананьне, антынародныя рэжымы могуць спаборнічаць толькі ў вычварнасьці зьдзекаў, але ў сваёй сутнасьці яны ідэнтычныя.

У стакгольмскім фастфудзе

«Яны страшнейшыя толькі ў параўнаньні між сабой, — падсумоўвае „сядзелец“. — Не прывядзі Алах апынуцца ні там, ні там, сутнасьць іх аднародная. Не бывае ў адной дыктатуры дрэнна, а ў іншай добра. Я ў Эўропе сустракаю выхадцаў і з Туркмэніі, і зь Беларусі. Запалоханыя, баяцца прызнацца, адкуль прыехалі. Апасаюцца, што наступным разам спыняць на мяжы, падрыхтуюць шконку на „Валадарцы“ ці ў іншым пекле. Шкада: у той час як сьвет рухаецца наперад, мы адступаем назад».

Эўрапейская страшылка для дылетантаў

Чары Анамурадаў стараецца ня згадваць свае турэмныя эпапэі, але па сёньня найбольшым узрушэньнем застаюцца мэтады, якімі ламаюць вязьняў. Паводле яго назіраньняў, у краінах зь несамастойным правасудзьдзем чалавек за кратамі ня мае ніякіх правоў, адпаведна, ім лёгка маніпуляваць.

«У турме чуў па БТ Лукашэнку, — згадвае ён. — Пасыл адзін: Беларусь мусіць жыць па яго правілах. Кожны мае ўласную думку, сваё бачаньне жыцьця, а ён кажа: не, будзе так, як хачу я. Хто ня згодны — калі ласка, на «Валадарку» ці ў «амэрыканку». На ўласныя вочы бачыў, як ламаюцца людзі. На волі сям’я: жонка працуе, дзеці вучацца. Гэтым шантажуюць. Чым даўжэй упарцісься, тым большы тэрмін будзе. Па маіх назіраньнях, звыш 70% сядзельцаў «Валадаркі» — так званыя «эканамічныя», іх проста бессаромна «выдойваюць».

Музэй аднаго з сымбаляў Швэцыі, квартэту АВВА

Паводле былога грамадзяніна Туркмэністану, аўтарытарныя лідэры дружна ганяць Эўропу, хоць менавіта тут ён адчуў сапраўдную павагу да правоў кожнай асобы, нягледзячы на ўсе адметнасьці. Асабліва яго засмучаюць безапэляцыйныя выказваньні братоў па веры.

«Чачэнскі кіраўнік Рамзан Кадыраў крычыць: гейская Эўропа, забірай ад нас гэтых шайтанаў, непаўнавартасных... Прабачце, яны таксама людзі. Які б ні быў, у першую чаргу гэта чалавек, а ўжо потым яго асаблівасьці. Эўропа не абараняе толькі геяў ды лесьбіянак. Тут у кожнага ката, сабакі, птушкі ёсьць пашпарт. Калі нехта на свайго гадаванца накрычаў, а сусед заўважыў і паведаміў у паліцыю, пакараюць. Ненавідзяць Эўропу, а тут нават дзеці маюць роўныя правы з дарослымі: могуць патэлефанаваць міністру і сказаць, што не падабаецца».

Поўны рызыкі шлях да новай радзімы для сям’і Чары Анамурадава распачаўся ў самым пачатку 2000-х. Яшчэ зусім малымі былі дочкі, але ён шчасьлівы, што іх удалося вырваць з абдымкаў фэадальнай дыктатуры. Праз 15 гадоў дзяўчаты ўжо самі не ўяўляюць, як можна выжываць ва ўмовах, мала адрозных ад турэмных.

Пэрсанальная паркоўка каля дому

«Глядзяць спадарожнікавы канал і плачуць, — кажа бацька. — У кадры з раніцы да вечара Arkadag, „абаронца“. Сорам які... Зрэшты, як і ў беларусаў: у нас Бэрдымухамэдаў, у вас — Лукашэнка. Дзеці пытаюцца: як нашы сваякі, аднагодкі жывуць, як можна пераварыць хлусьню ў такіх аб’ёмах? Вядома, да любога ідыятызму прызвычайваесься, калі яго ўбіваюць ад нараджэньня. Тэлефануеш блізкім, сябрам: ад страху або дзеля перастрахоўкі, але яны хлусяць! Замбаваньне ці інстынкт самазахаваньня, нават ня ведаю».

Унівэрсальныя рэцэпты для дыктатуры

Чары Анамурадаў вобразна кажа, што колішнія выпрабаваньні канвэртаваў у будучыню дзяцей. Старэйшыя дзяўчаты атрымалі мэдычную адукацыю, высакаклясныя спэцыялісты сваёй галіны. Малодшая сёлета заканчвае гімназію, будзе вучыцца далей.

Перакур на бальконе

«Старэйшая Джэнэт скончыла мэдычны ўнівэрсытэт, пачынала доктарам у Фінляндыі, выйшла замуж за швэда, цяпер тут. У іх двое дзяцей, мае ўнукі, — Аляксандар і Даўлет, — кажа бацька і дзед. — Сярэдняя Агулжэмал у Англіі, акушэр-гінэколяг у Бірмінгеме. Абараніла дыплём, будуе кар’еру, пра сям’ю пакуль ня думае. Малодшая Бібі заканчвае гімназію, валодае пяцьцю мовамі, хутка таксама рабіць выбар. Ніхто не „размыўся“ ў новым асяродзьдзі: паміж сабой, з унукамі размаўляем па-туркмэнску, шануем нашы традыцыі».

Суразмоўца кажа, што ад першага дня, як апынуўся ў Швэцыі, намагаецца быць карысным краіне, якая дала яму і ягонай сям’і другі шанец. Як і жонка Герэк: вывучыла швэдзкую мову, скончыла фінансавы інстытут, атрымала эканамічную адукацыю, да самай пэнсіі працавала ў падатковых органах.

«Я мог сядзець на дапамозе, займацца спортам, езьдзіць па сьвеце, — кажа Чары. — Але не з маёй загартоўкай: турмы, уцёкі, праца ў швэдзкім кароўніку і паштальёнам у Даніі. Цяпер таксую, запрашаюць на грамадзкія імпрэзы. Ніхто ня ўказвае, як мне жыць, ніякіх папрокаў. Чаму імкнуцца ў Эўропу? Па асабістую свабоду. Колькі гадоў тут, толькі пры парушэньні дарожных правілаў можа спыніць паліцыя. Няма такога, каб чапляліся на вуліцы, трэсьлі рэчы».

На вуліцах Стакгольму

Пры канцы сустрэчы ўзьнікае лягічнае пытаньне: ці рызыкне ён у агляднай будучыні яшчэ раз вярнуцца ў Беларусь?

«Як толькі Лукашэнка аддасьць уладу, — адразу ж, — сьмяецца Чары. — Я некалькі гадоў правёў сярод беларусаў, гэта насамрэч эўрапейцы. Ня так, як злараднічае Лукашэнка — большыя эўрапейцы, чым усе. Лішні ў тым зьвяне якраз ён, прыхільнік азіяцкага дыктату. А беларусам патрэбная воля, сацыяльная роўнасьць, а ня тое, пра што марыць Лукашэнка. На жаль, дыктатарам падабаецца фанабэрыцца, што яны ва ўладзе, іх слухаюць, ім пляскаюць у ладкі. Гэта ўжо невылечна...»

Чары Анамурадаў нарадзіўся ў 1957 годзе ў горадзе Мары на поўдні Туркмэністану. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю, прафэсійную кар’еру пачаў сьледчым, працаваў да канца 1980-х. Пасьля атрыманьня краінай незалежнасьці перайшоў у журналістыку, супрацоўнічаў зь мясцовымі выданьнямі, расейскай «Новой газетой», амэрыканскім Радыё Свабода.

Быў асуджаны за антыдзяржаўную дзейнасьць, адседзеў амаль 4 гады. Пасьля вызваленьня хаваўся ад туркмэнскіх спэцслужбаў у Іране, Расеі, Беларусі, Чэхіі. Пазалетась у ліпені быў затрыманы ў менскім аэрапорце і два месяцы правёў у СІЗА № 1 у чаканьні дэпартацыі на радзіму. Высілкамі швэдзкай дыпляматыі быў вызвалены. Апошнія 15 гадоў ягоная сям’я стала жыве ў Швэцыі.