The Telegraph: Лёндан пагражае зачыніць гандлёвае прадстаўніцтва Расеі

Паціцэйская ахова каля расейскай амбасады ў Лёндане.

Брытанскія ўлады могуць зачыніць гандлёвае прадстаўніцтва Расеі ў Лёндане ў сувязі са «справай Скрыпаля». Пра гэта паведамляе газэта The Telegraph са спасылкай на крыніцы.

Суразмоўцы газэты назвалі гандлёвае прадстаўніцтва «логавам шпіёнаў».

Раней Вялікабрытанія выслала 23 расейскія дыпляматы і прыпыніла двухбаковыя кантакты з Расеяй з падазрэньня ў яе датычнасьці да атручваньня ў Солсбэры былога разьведчыка Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі.

Масква адказала «люстраным чынам» і выслала 23 брытанскія дыпляматы. Учора Крэмль запатрабаваў ад Вялікабрытаніі зраўнаць колькасьць супрацоўнікаў брытанскіх дыпляматычных місій у Расеі і расейскіх у Лёндане.

Раней больш за 25 краін падтрымалі Вялікабрытанію і абвясьцілі пэрсонамі нон-грата больш за 150 супрацоўнікаў расейскага МЗС праз справу Сяргея Скрыпаля.

Лёндан абвінавачвае Маскву ў датычнасьці да замаху на былога разьведчыка і яго дачку. Сьцьвярджаецца, што іх атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок» савецкай вытворчасьці. У Расеі такія абвінавачваньні называюць правакацыяй