Пуцін пра атручваньне Скрыпаля: «Навічок» маглі вырабіць «ў 20 краінах сьвету»

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін разьлічвае, што на пасяджэньні выканаўчай рады Міжнароднай арганізацыі па забароне хімічнай зброі 4 красавіка «будзе пастаўленая канчатковая кропка» ў справе аб атручэньні ў Вялікай Брытаніі былога агента ГРУ Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі, у якім Лёндан абвінаваціў Расею.

У Анкары, дзе Ўладзімір Пуцін знаходзіцца зь візытам, ён заявіў, што «даведаўся пра інцыдэнт са сродкаў масавай інфармацыі», а такое рэчыва, як «Навічок», магло быць выраблена «прыкладна ў 20 краінах сьвету», паведамляе «Настоящее время».

Пасяджэньне Арганізацыі па забароне хімічнай зброі пройдзе 4 красавіка ў Гаазе на запыт Масквы. У выканаўчую раду гэтай арганізацыі ўваходзіць 41 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Вялікай Брытаніі і Расеі. Рашэньні прымаюцца дзьвюма трацінамі галасоў.

3 красавіка брытанскія экспэрты па хімічнай зброі зь лябараторыі Партан-Даун заявілі, што ня вызначылі краіну паходжаньня рэчыва, якім атруцілі Скрыпаля, пры гэтым адзначыўшы, што перад імі і ня ставілі такой задачы.

Дырэктар лябараторыі Гэры Эйткенхэд падкрэсьліў, што пры атручваньні быў выкарыстаны менавіта «Навічок», баявое нэрвова-паралітычнае рэчыва. Паводле Эйткенхэда, для яго вырабу патрэбныя «вельмі складаныя мэтады», цалкам верагодна, даступныя толькі дзяржаўным структурам.

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Сьледчыя лічаць, што іх атруцілі вырабленым у Расеі нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Лёндан заявіў, што да злачынства мае дачыненьне Крэмль, але Расея абвяргае абвінавачваньні.

14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі пра асьцярогу за сваё жыцьцё.

Замах на Сяргея Скрыпаля: табун, заман і іншыя дэталі