Лекары заяўляюць аб паляпшэньні стану Сяргея Скрыпаля

Супрацоўнікі ваеннай паліцыі на месцы, дзе знайшлі атручаным Сяргея Скрыпаля.

Былы афіцэра ГРУ Сяргей Скрыпаль выйшаў з крытычнага стану, у якім знаходзіўся з моманту атручваньня нэрвова-паралітычным рэчывам у Солсбэры. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.

Лекары заяўляюць, што стан Скрыпаля «імкліва паляпшаецца».

Напярэдадні Юлія Скрыпаль, якая стала разам са сваім бацькам ахвярай атручваньня, выступіла з першай афіцыйнай заявай. Яна паведаміла, што прыйшла ў сябе больш за тыдзень таму, і цяпер «яе сілы прыбываюць з кожным днём».

Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя 4 сакавіка ў брытанскім Солсбэры. Брытанскія ўлады абвінавацілі Расею ў датычнасьці да хімічнай атакі ў Солсбэры на той падставе, што Скрыпалі былі атручаныя баявым атрутным рэчывам «Навічок», распрацаваным у СССР.

14 сакавіка пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў заявіла прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй. На знак салідарнасьці зь Лёнданам такія ж захады зрабілі больш за 20 краінаў сьвету. Міністэрства замежных справаў Расеі абвясьціла аб «люстраных мерах» у дачыненьні да 23 дзяржаваў, якія выслалі расейскіх дыпляматаў.

Скрыпаль быў асуджаны ў Расеі праз абвінавачаньне ў шпіянажы на карысьць Вялікай Брытаніі. У 2010 годзе яго абмянялі на расейскіх агентаў, выкрытых у ЗША. За некалькі дзён да атручваньня былы афіцэр ГРУ паведамляў брытанскай паліцыі, што асьцерагаецца за сваё жыцьцё.