Юлія Скрыпаль адмовілася ад дапамогі расейскага консульства, дыпляматы гэтаму ня вераць

Юлія Скрыпаль, дачка расейскага выведніка-перабежчыка Сяргея Скрыпаля, якая была атручаная разам з бацькам 4 сакавіка, адмовілася ад дапамогі расейскага консульства ў Лёндане.

Расейскае пасольства ў Вялікабрытаніі заявіла на сваім сайце, што ня верыць гэтым яе словам:

«Публікацыя выклікае больш пытаньняў, чым адказаў і толькі ўмацоўвае асьцярогі, што мы маем справу з гвалтоўнай ізаляцыяй расейскай грамадзянкі. Як і раней, хацелася б пераканацца, што заява сапраўды зыходзіць ад Юліі. У гэтым ёсьць вялікія сумневы, — заявілі расейскія дыпляматы. — тэкст відавочна складзены такім чынам, каб падмацаваць афіцыйныя заявы брытанскіх уладаў і адначасова выключыць любую магчымасьць кантакту Юліі са зьнешнім сьветам — консуламі, журналістамі, сваякамі. Заяву не зачытвае на камэру сама Юлія, а публікуецца на сайце Скотлэнд-Ярду».

У заяве Скрыпаль, якая была апублікавана паліцыяй Вялікабрытаніі позна ўвечары 11 красавіка, сказана:

  • Яна будзе даваць інтэрвію, але не цяпер і просіць СМІ праявіць цярпеньне. «Калі-небудзь я абавязкова гэта зраблю», — паабяцала яна.
  • У дадзены момант яна ня хоча прымаць дапамогу ад расейскіх дыпляматаў, якую тыя ёй прапанавалі, але зробіць гэта, калі зьменіць сваё рашэньне.
  • Яе бацька па-ранейшаму сур’ёзна хворы, і яна таксама мае праблемы са здароўем, выкліканыя атручваньнем нэрвова-паралітычным рэчывам.
  • Яна мае зносіны зь блізкімі сябрамі і роднымі.
  • Яна просіць сваячку Вікторыю Скрыпаль, якая жыве ў Расеі і выказвала жаданьне наведаць яе і бацьку, не прыяжджаць у Вялікабрытанію і не спрабаваць зь ёй зьвязацца. «Я дзякую ёй за клопат пра мяне, але яе заявы і здагадкі адлюстроўваюць толькі яе ўласнае меркаваньне, а не маё ці майго бацькі», — падкрэсьліла Скрыпаль.
  • Юлія падкрэсьліла, што знаходзіцца ў бясьпецы, і што яе ахоўваюць «спэцыяльна навучаныя вайскоўцы». Яны ж тлумачаць ёй, як ідзе расьсьледаваньне, і якія працэдуры ўлады для гэтага робяць.

*****

Юлія і Сяргей Скрыпаль былі атручаны 4 сакавіка і знойдзеныя без прытомнасьці ў адным з паркаў у Солсбэры, Вялікабрытанія. Паводле высноваў брытанскіх сьледчых, яны былі атручаны нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», распрацаваным у Расеі ў 80-я гады і магчыма вырабленым таксама ў Расеі.

Жанчына прыйшла ў сябе раней, чым яе бацька і была выпісана з бальніцы 10 красавіка. Яе бацька ўсё яшчэ працягвае знаходзіцца пад наглядам лекараў у клініцы ў Солсбэры.

З моманту, калі Скрыпалі былі адпраўленыя ў клініку, іх ніхто ня бачыў, а заявы, якія рабіла Юлія, распаўсюджваліся паліцыяй або адміністрацыяй шпіталя. І сама Юлія, і брытанскія ўлады тлумачылі гэта меркаваньнямі бясьпекі. У брытанскіх СМІ зьявілася інфармацыя, што Юліі і яе бацьку будуць прадстаўленыя новыя дакумэнты і прытулак у ЗША ці ў адной з іншых краін. У многіх мэдыях у Расеі пры гэтым агучваецца вэрсія, што брытанскія ўлады не даюць Юліі Скрыпаль вярнуцца ў Расею, хоць яна вельмі гэтага б хацела: Вікторыя Скрыпаль падтрымлівае гэтую вэрсію.

Амбасада РФ у Вялікабрытаніі неаднаразова патрабавала ад Лёндана даказаць, што Юлія Скрыпаль лячылася і была выпісана з бальніцы добраахвотна.

«Нам тэрмінова патрэбныя доказы таго, што тое, што зь ёй робіцца, адбываецца па ёй уласнай волі», — было сказана ў паведамленьні амбасады ў твітэры, выпушчаным пасьля выпіскі Юліі Скрыпаль зь лякарні.

Брытанскія мэдыя сьцьвярджаюць, што Арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) ужо завяршыла расьсьледаваньне атручваньня Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў Солсбэры і перадала вынікі Вялікабрытаніі, папрасіўшы апублікаваць іх а 12:00 чацьвярга па мясцовым часе.

Што менавіта ўтрымліваецца ў дакумэнце — пакуль невядома