Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ня кажа, калі можа быць нанесены авіяўдар у Сырыі.
«Я ніколі не казаў, калі будзе атака ў Сырыі. Ці будзе гэта хутка або ня хутка. У любым выпадку, ЗША пры маёй адміністрацыі, зрабілі выдатную працу па вызваленьні рэгіёну ад «Ісламскай дзяржавы». Дзе наша «Дзякуй табе, Амэрыка?», — напісаў Трамп 12 красавіка ў Твітэры.
Never said when an attack on Syria would take place. Could be very soon or not so soon at all! In any event, the United States, under my Administration, has done a great job of ridding the region of ISIS. Where is our “Thank you America?”
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) April 12, 2018
Напярэдадні расейскі амбасадар у Лібане заявіў, што што Масква зьбіраецца зьбіваць любыя амэрыканскія ракеты, якія будуць выпушчаныя па Сырыі. Трамп абяцаў захады ў адказ.
Новае абвастрэньне адносін паміж ЗША і Расеяй пачалося пасьля таго, як стала вядома аб хімічнай атацы ў сырыйскім горадзе Дума. Па дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя, у выніку атакі загінулі прынамсі 70 чалавек і ня менш за 500 пацярпелі. Сырыйская апазыцыя і краіны Захаду ўсклалі адказнасьць на Маскву і Дамаск.
Урады Сырыі і Расеі заявілі, што яны не ўжывалі хімічную зброю, а паведамленьні пра ўдар па Думе — сфабрыкаваныя.