Пратэсты ў Армэніі: колькасьць затрыманых павялічылася да 123

У Ерэване колькасьць затрыманых удзельнікаў антыўрадавых пратэстаў узрасла да 123.

Як паведамляе армянская служба Радыё Свабода са спасылкай на паліцыю, у дачыненьні да 85 чалавек распачатыя адміністрацыйныя справы, іх адпусьцілі, а 38 чалавек перададзеныя органам папярэдняга сьледзтва.

Раніцай 19 красавіка дэманстранты заблякавалі адзін з будынкаў ураду. Аднак паліцыя з ужываньнем сілы разагнала пратэстоўцаў і адціснула іх, усталяваўшы кантроль над уваходам у будынак.

У паліцыі заявілі, што з пачатку акцый пратэсту ў армянскай сталіцы, што пачаліся 13 красавіка, «дзеяньні іх арганізатараў і ўдзельнікаў прыводзяць да парушэньня канстытуцыйнага права свабоднага перамяшчэньня тысячаў грамадзянаў, а таксама нармальнага функцыянаваньня шэрагу ўстановаў». У паліцыі дадалі, што вырашылі «спыніць» пратэст, і паведамілі пра гэта іх арганізатарам, але тыя «не падпарадкаваліся».

У Ерэване ўжо некалькі дзён тысячы людзей пратэстуюць супраць прызначэньня прэм’ер-міністрам Сэржа Саргсьяна, які быў прэзыдэнтам Армэніі 10 гадоў.

Перад завяршэньнем паўнамоцтваў Саргсьяна канстытуцыя Армэніі была зьмененая, краіна стала парлямэнцкай рэспублікай, рэальная ўлада перайшла ў рукі кіраўніка ўраду.

Удзельнікі пратэстаў вінавацяць Саргсьяна ў захопе ўлады ў краіне. Напярэдадні лідэр пратэстоўцаў, апазыцыйны дэпутат Нікол Пашыньян абвясьціў пра «рэвалюцыйную сытуацыю» у Армэніі і пачатак «народнай негвалтоўнай аксамітнай рэвалюцыі».