Пратэсты ў Армэніі: што адбываецца і з чаго ўсё пачалося

Вулічныя акцыі ў Ерэване трываюць ад 13 красавіка. Кульмінацыяй сталі падзеі панядзелка і аўторка, калі праціўнікі Саргсьяна пачалі блякаваць асноўныя дарогі ў цэнтры гораду, абдываліся сутычкі з паліцыянтамі і кіроўцамі. Пашыньян назваў гэта «аксамітнай рэвалюцыяй».

З чаго ўсё пачалося

Сэрж Саргсьян, якому 30 чэрвеня споўніцца 64 гады, узначальвае кіруючую правакансэрватыўную Рэспубліканскую партыю Армэніі. 9 красавіка ён завяршыў сваё 10-гадовае знаходжаньне на пасадзе прэзыдэнта Армэніі разам з абраньнем новага прэзыдэнта — Армэна Саргсьяна. А 17 красавіка парлямэнт Армэніі выбраў Сэржа Саргсьяна новым прэм’ер-міністрам краіны.

Сэрж Сарсьян

На адкрытым галасаваньні ў Нацыянальным сходзе краіны за адзінага кандыдата прагаласавалі 77, супраць — 17 дэпутатаў, што бралі ўдзел у галасаваньні. Частка дэпутатаў ад апазыцыі на паседжаньне не зьявілася.

У 2015-м улады ініцыявалі канстытуцыйную рэформу, у выніку якой Армэнія зьмяніла свой дзяржаўны лад з прэзыдэнцкай рэспублікі на парлямэнцкую і рэальная ўлада перайшла ў рукі кіраўніка ўраду. Так што першай асобай краіны цяпер фактычна будзе Сэрж Саргсьян.

Пра намер вылучыць Саргсьяна на пасаду прэм’ер-міністра кіроўная партыя заявіла 14 красавіка, за тры дні да галасаваньня ў парлямэнце.

Калі пачаліся пратэсты

Удзельнікі пратэстаў вінавацяць Саргсьяна ў захопе ўлады ў краіне.

Адзін з парлямэнтароў, кіраўнік фракцыі блёку «Елк» («Выхад») Нікол Пашыньян 13 красавіка, яшчэ за некалькі дзён да пасяджэньня Нацыянальнага сходу, заклікаў усе апазыцыйныя сілы аб’яднацца супраць Саргсьяна і распачаў ладзіць у цэнтры Ерэвану мітынгі, шэсьці і іншыя акцыі пратэсту з мэтай сарваць пасяджэньне блякаваньнем палаца парлямэнту. Ён абвясьціў пра «рэвалюцыйную сытуацыю» ў Армэніі і пачатак «народнай негвалтоўнай аксамітнай рэвалюцыі».

Колькі чалавек удзельнічала

У штодзённых акцыях пратэсту бралі ўдзел тысячы чалавек. Пратэстоўцы блякавалі вуліцы і ўрадавыя будынкі, аднак паліцыя з ужываньнем сілы разганяла пратэстоўцаў і адціскала іх ад урадавых будынкаў. Паміж пратэстоўцамі і паліцыяй адбываліся сутычкі. Паліцыя затрымлівала ўдзельнікаў акцый.

У выніку сутыкненьняў паміж паліцыяй і пратэстоўцамі 16 красавіка ў Ерэване 22 чалавекі атрымалі раненьні, сярод іх — трое паліцыянтаў, а таксама лідэр пратэстоўцаў Нікол Пашыньян.

Паводле стану на 19 сакавіка колькасьць затрыманых у Ерэване ўдзельнікаў антыўрадавых пратэстаў дасягнула 123 чалавек. Як паведаміла армянская служба Радыё Свабода, у дачыненьні да 85 чалавек былі распачатыя адміністрацыйныя справы, іх адпусьцілі, а 38 чалавек перададзеныя органам папярэдняга сьледзтва.

Апазыцыйны дэпутат Нікол Пашыньян атрымаў ад паліцыі пісьмовае папярэджаньне з патрабаваньнем «спыніць дэманстрацыі». Але ён не прачытаў дакумэнт. «У Армэіі пачалося татальнае непадпарадкаваньне», — заявіў Пашыньян, дэманстратыўна парваўшы папярэджаньне паліцыі.

20 красавіка паліцыя затрымала і даставіла ў аддзяленьне паліцыі каля 200 ўдзельнікаў акцыі, 21 красавіка паведамлялі пра затрыманьне каля 70 чалавек. 21 красавіка да да мітынгоўцаў выйшаў прэзыдэнт Армэніі Армэн Саргсьян.

Нягледзячы на затрыманьні, колькасьць удзельнікаў апошнія дні не зьмяншалася: на вуліцы выходзілі ўсё больш людзей. Да пратэстаў далучаліся аўтамабілісты.

Няўдалыя перамовы з уладай

Саргсьян і шэраг прадстаўнікоў кіруючай Рэспубліканскай партыі Армэніі заклікалі пратэстоўцаў да дыялёгу. Але лідэр армянскіх пратэстаў Нікол Пашыньян, выступаючы перад шматлюдным мітынгам на плошчы Рэспублікі ў Ерэване, 20 красавіка, адказаў на заклікі прадстаўнікоў улады да дыялёгу, што «перамовы могуць быць толькі пра тэрміны адстаўкі прэм’ера».

Акцыя пратэсту 21 красавіка

Пашыньян прадставіў праграму зьмены ўлады ў Армэніі і заявіў, што гатовы абмеркаваць пункты гэтай праграмы з прадстаўнікамі [цяперашняй урадавай] Рэспубліканскай партыі:

  1. «Сэрж Саргсьян сыходзіць у адстаўку з пасады прэм’ер-міністра.
  2. Нацыянальны сход абірае прадстаўніка народу прэм’ер-міністрам.
  3. Фармуецца часовы ўрад.
  4. На працягу 20 дзён пасьля фармаваньня часовага ўраду, у адпаведнасьці з законам, гэта ўрад павінен прадставіць сваю праграму. Калі па ўзгадненьні палітычных партый Нацыянальны сход ня прыме гэтую праграму часовага ўраду, гэта прывядзе да прызначэньня датэрміновых парляменцкіх выбараў».

Сустрэча Сэржа Сарксьяна і Нікола Пашыньян 22 красавіка

22 красавіка прэм’ер-міністар Армэніі Сэрж Саргсьян сустрэўся з Пашыньянам, але адмовіўся весьці «перамовы» аб сваёй адстаўцы, заявіў, што патрабаваньні дэпутата Нікола Пашыньяна абмеркаваць ягоную адстаўку зьяўляюцца «шантажом дзяржавы» і пакінуў перамовы праз тры хвіліны пасьля іх пачатку.

Затрыманьне лідэраў і разгон акцыі

Затрыманьне лідэра апазыцыі і разгон акцыі пратэсту ў Армэніі. ФОТАГАЛЕРЭЯ

За апошнія некалькі дзён паліцыя не адзін раз папярэджвала дэманстрантаў, што яна мае права ўжыць сілу для разгону «несанкцыянаваных сходаў». Аднак акцыі пратэсту працягваліся.

Пасьля перамоваў Нікол Пашыньян заклікаў грамадзян з падвоеным размахам працягнуць акцыі пратэсту і ўзначаліў шматлюднае шэсьце па цэнтральных вуліцах Ерэвану. Удзельнікаў шэсьця суправаджала вялікая колькасьць паліцыянтаў, у тым ліку «чырвоныя бэрэты».

Калі шэсьце на чале з Пашыньянам дайшло да вуліцы Арцаха, на яго шляху стаў паліцэйскі кардон у шаломах і са шчытамі. Пратэстоўцы паспрабавалі прарваць паліцэйскае ачапленьне, паміж імі і паліцыяй адбыліся сутычкі. Паліцыя ўжыла шумавыя гранаты і гумовыя дручкі для стрымліваньня дэманстрантаў.

Праваахоўнікі затрымалі Нікола Пашыньяна, а потым пачалі разгон дэманстрацыі, з ужываньнем сілы яны затрымлівалі ўдзельнікаў акцыі. Былі затрыманыя таксама іншыя апазыцыйныя дэпутаты Сасун Мікаэлян і Арарат Мірзаян.

Нягледзячы на разгон шэсьця і затрыманьня яго лідэраў, пратэстоўцы працягнулі акцыю.

У выніку сутычак з паліцыяй, а таксама а таксама ў выніку нападаў групы асобаў у масках на дэманстрантаў пацярпелі 15 чалавек. Ім аказваецца мэдыцынская дапамога.

Як паведаміла ўвечары армянская паліцыя, было затрымана 277 удзельнікаў акцыі.​

Удзельнікі мітынгу дамовіліся праводзіць мірныя акцыі пратэсту кожны дзень, пачынаючы з 8:15 раніцы, а кожны вечар а 19:00 зьбірацца на плошчы Рэспублікі.

Хто ўзначальвае «негвалтоўную аксамітную рэвалюцыю» ў Армэніі

Ключавая постаць падзеяў, якія ўжо другі тыдзень адбываюцца ў Ерэване — Нікол Пашыньян. Журналіст, працаваў у розных выданьнях, ад 1999 году — галоўны рэдактар штодзённай газэты «Айкакан жаманак» (Армянскі час), апазыцыйнай да абранага ў 1998 годзе прэзыдэнта Робэрта Качар’яна. Неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за крытычныя публікацыі супраць прадстаўнікоў улады і блізкіх да іх людзей.

Нікол Пашыньян

У 2008 годзе, калі Качар’ян, адбыўшы два тэрміны, падтрымаў на прэзыдэнцкіх выбарах кандыдатуру прэм’ер-міністра Сэржа Саргсьяна, Пашыньян увайшоў у выбарчы штаб апазыцыйнага кандыдата, першага прэзыдэнта Армэніі (1991-1998) Лявона Тэр-Пэтрасьяна. Выбары, у выніку якіх Саргсьян перамог, набраўшы 53% галасоў, скончыліся масавымі пратэстамі, падчас якіх загінула як найменей 8 дэманстрантаў і і вайсковец. Пратэсты былі жорстка здушаныя, у краіне было абвешчанае надзвычайнае становішча.

Пашыньян быў сярод іншых абвінавачаны ў арганізацыі масавых беспарадкаў і абвешчаны ў росшук. Больш чым год хаваўся ад уладаў у падпольлі, але ў ліпені 2009 году добраахвотна здаўся. У студзені 2010-га асуджаны на 7 гадоў турмы, заставаўся пад вартай да траўня 2011 году, калі выйшаў на свабоду паводле амністыі.

У 2012 годзе абраны дэпутатам Нацыянальнага сходу Армэніі ад партыйнага блёку «Армянскі нацыянальны кангрэс». У 2015 годзе далучыўся да новастворанай палітычнай партыі «Грамадзянская дамова». У 2016-м тры лібэральныя партыі — «Грамадзянская дамова», «Сьветлая Армэнія» і «Рэспубліка» — злучыліся ў партыйны альянс «Елк», які на выбарах 2017 году заваяваў 9 месцаў у парлямэнце з 105, яго фракцыю ўзначаліў Нікол Пашыньян.

Што кажуць экспэрты

Палітолягі характарызуюць сытуацыю ў Армэніі як «мяккі аўтарытарызм» і тлумачаць гэта тым, што армянскія ўлады вельмі моцна залежаць ад заходніх партнэраў, а значыць, пазьбягаюць занадта жорсткіх мэтадаў.

Акцыя пратэсту 22 красавіка

Як адзначыў у інтэрвію Свабодзе палітычны аглядальнік з Ерэвану Айк Халат’ян, «у Армэніі крыху парадаксальная сытуацыя. У параўнаньні зь іншымі краінамі Эўразійскага саюзу тут адносна лібэральная палітычная сыстэма (ёсьць рэальная свабода слова, масавыя акцыі праводзяцца ў паведамляльным парадку і г. д.), але тое не адбіваецца на галасаваньні. У кіроўнай партыі ёсьць эфэктыўны мэханізм забесьпячэньня вынікаў на выбарах, адкуль і незадаволенасьць. З аднаго боку, людзям можна гаварыць усё, што яны думаюць, але пры гэтым зьменаў да лепшага ў іх жыцьці не адбываецца».

Паводле Халат’яна, грамадзтва моцна расчараванае ня толькі ўладай, але і апазыцыяй. Людзі выйшлі ня столькі за Ніколам Пашыньянам, колькі, у большай ступені, супраць дзейнай улады.

Армянскі палітоляг: Саргсьян — усяго толькі бледны цень Лукашэнкі

На думку экспэртаў, пратэсты ў Армэніі не прывядуць да нейкіх адчувальных зьменаў. Паводле аглядальніка радыё «Рэха Каўказу» Вадзіма Дубнова, пратэсты актыўна стрымлівае ўлада, колькасьць пратэстоўцаў зьмяншаецца, асноўная іх частка — гэта «моладзь з палаючымі вачыма», а «ніводзін сурʼёзны палітык да пратэстаў не далучыўся, ніхто з вэтэранаў палітыкі не прыйшоў».

Вадзім Дубноў у інтэрвію Свабодзе назваў цяперашняга прэм’ера Сэржа Сарсьяна «майстрам балянсаў, кампрамісаў, дамоўленасьцяў і разводак», які здолеў у межах кіроўнай партыі абʼяднаць увесь спэктар думак і ажыцьцяўляе сваю ўладу, балянсуючы паміж рознымі групамі эліты.

Дубноў: Армянскія пратэсты — гэта працяг беларускага і расейскага досьведу