У Армэніі партыя ўлады адмовілася вылучаць кандыдата ў прэм’еры

Лідэр пратэсту Нікол Пашыньян

Рэспубліканская партыя Армэніі, якая валодае большасьцю ў парлямэнце, ня будзе вылучаць кандыдата на пасаду кіраўніка ўрада.

З такой заявай выступіў у суботу, 28 красавіка, віцэ-сьпікер парлямэнта Эдуард Шармазанаў. Паводле яго слоў, рашэньне прынятае ў выніку ўзаемных кансультацый паміж былым прэмʼер-міністрам Сэржам Саргсьянам, якія пакінуў пасаду пад ціскам шматтысячных вулічных маніфэстацыяў, часовым кіраўніком урада Карэнам Карапэтʼянам, які таксама прадстаўляе партыю большасьці, і сьпікерам парлямэнта.

«Усе мы згодныя, што гэта лепшае для Армэніі рашэньне», — заявіў Шармазанаў.

Паводле яго слоў, кіруючая цяпер Рэспубліканская партыя абмяркуе ўсе кандыдатуры, якія будуць прапанаваныя да 1 траўня.

На пасаду прэмʼер-міністра Армэніі прэтэндуе лідэр пратэстнага руху і кіраўнік апазыцыйнай фракцыі ў парлямэнце Нікол Пашыньян. Ён папярэдзіў, што прызначэньне кіраўніком урада прадстаўніка Рэспубліканскай партыі, фармальна кіроўнай партыі краіны, прывядзе да ўзмацненьня пратэстаў.