350 экспэртаў з 40 краінаў абмяркуюць у Менску будучыню Ўсходняй Эўропы. Чакаюць і Лукашэнку

Яўген Прэйгерман на леташняй канфэрэнцыі «Менскі дыялёг»

23-25 траўня ў Менску адбудзецца трохдзённы міжнародны форум «Менскі дыялёг», удзел у якім возьмуць больш за 350 экспэртаў больш як з 40 краін сьвету. Пра гэта паведаміў сёньня кіраўнік аднайменнай экспэртнай ініцыятывы Яўген Прэйгерман.

Паводле яго, упершыню ў гісторыі Беларусь прымае такую вялікую колькасьць экспэртаў з такой вялікай колькасьці краін сьвету на форум, арганізаваны грамадзскай арганізацыяй. Прычым, па словах Прэйгермана, на гэтай канфэрэнцыі мае выступіць і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.

Паводле іншага арганізатара «Менскага дыялёгу» Дзяніса Мельянцова, чакаецца прыезд на форум у Менск генэральнага сакратара АБСЭ Томаса Грэмінгера.

Ці можна лічыць форум «Менскага дыялёгу» аналягам «Хэльсынкі-2» — міжнароднай перамоўнай пляцоўкі, з прапановай аб стварэньні якой ужо неаднаразова выступаў афіцыйны Менск? Яўген Прэйгерман сказаў, што інфармацыя пра магчымы запуск ініцыятывы прагучыць у выступленьні кіраўніка Беларусі.

«Менскі дыялёг» — гэта няўрадавая экспэртная ініцыятыва, якая пачала сваю працу ў 2014 годзе. Яе ідэя ўзьнікла ў той час, калі ў Менску пачаліся перамовы пра Ўкраіну.

Як сказаў Яўген Прэйгерман, тыя перамовы паказалі, што экспэрты менш залежаць ад сваіх урадаў, а ўдзел у такіх форумах дае магчымасьць малым дзяржавам, да якіх адносіцца і Беларусь, больш выразна заяўляць пра сябе на міжнароднай арэне.

У форуме, які адбудзецца 23-25 траўня, будуць удзельнічаць вядучыя экспэрты з краінаў Эўразьвязу, Усходняй Эўропы, Расеі, Злучаных Штатаў і Кітаю.