«Посткаляніяльнае мысьленьне». Чаму Лукашэнка ў трансьлітарацыі пішацца Lukashenko?

Сёньня пачынае працу «Менскі дыялёг». Як адзначае ў сваім допісе ў Facebook адзін з арганізатараў форуму Дзяніс Мельянцоў, сярод сьпікераў — прэзыдэнт Беларусі, генэральны сакратар АБСЭ, прадстаўнікі NATO, Рады Эўропы, экспэрты з ЗША, Эўразьвязу, Расеі, Кітаю, рэгіёну Ўсходняй Эўропы. Агулам — паўтысячы ўдзельнікаў.

Пяць пытаньняў і адказаў пра «Менскі дыялёг», на якім мае выступіць Лукашэнка​

У знак доказу высокай прысутнасьці спадар Мельянцоў выклаў бэдж на імя Аляксандра Лукашэнкі. Перадусім кідаецца ў вочы, што прозьвішча кіраўніка Беларусі падаецца ў ангельскай трансьлітарацыі з расейскай мовы — Lukashenko.

І выглядае, што гэта не адзінкавы выпадак. Так, у паведамленьнях ангельскамоўнай старонкі на афіцыйным сайце прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі пішуць аналягічна — з о на канцы. У адказ на закіды камэнтатараў Дзяніс Мельянцоў патлумачыў, што менавіта так напісана ў пашпарце Лукашэнкі.

Ці годны прыклад дэманструе найвышэйшая асоба? Усё ж Лукашэнка лічыць сябе беларусам, хоць раз-пораз і падкрэсьлівае ўласную непарыўнасьць «зь вялікім рускім народам».

Мовазнаўца Лявон Баршчэўскі, колішні калега Аляксандра Лукашэнкі па Вярхоўным Савеце, лічыць падобнае выдаткамі «посткаляніяльнага мысьленьня».

«Канечне, такія рэчы трэба дапільноўваць: пашпартная вэрсія прозьвішча Лукашэнкі павінна быць праз а, у тым ліку і лацінкай. Тое павінны разумець усе, хто адказна займаецца паліталёгіяй, аналітыкай, бо насамрэч гэта не такая ўжо дробязь. На жаль, маем справу з посткаляніяльным мысьленьнем, якое ў гэтай публікі не забіваецца. Таму асаблівага дзіва няма», — адзначыў Лявон Баршчэўскі.

На афіцыйным сайце Савету міністраў на расейскі манэр у ангельскай трансьлітарацыі прыводзяцца і прозьвішчы кіраўнікоў ураду: Andrei Kobyakov, Vasily Matyushevsky, Vladimir Semashko, Mikhail Rusyi.

Гэтаксама міністры Vladimir Koltovich, Sergei Popkov, Igor Karpenko, Vladimir Vashchenko, Valery Malashko, Alexandr Terekhov, Sergey Nalivaiko, кіраўнікі канцэрнаў і рэспубліканскіх цэнтраў Alexander Zabello, Igor Lyashenko, Yuri Nazarov, Valery Ivanov, Gennady Bolbatovsky, Leanid Gouliako.

Ня сталі выключэньнем прадстаўнікі іншых дзяржаўных структураў: кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Natalya Kochanova, старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Leonid Anfimov, старшыня Камітэту стандартызацыі Victor Nazarenko ды іншыя.