Лаўроў: Русафобская меншасьць Захаду злоўжывае прынцыпамі салідарнасьці і кансэнсусу

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў

Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў па выніках перамоваў зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем зрабіў шэраг палітычных заяваў.

Пра актывізацыю дзейнасьці NATO

«Нас трывожыць актывізацыя дзейнасьці NATO, якую мы апошнім часам назіраем у непасрэднай блізкасьці ад нашых межаў, перш за ўсё ў Прыбалтыцы і Польшчы, — цытуе Сяргея Лаўрова агенцтва БелаПАН. — Наша пазыцыя, як і пазыцыя Беларусі, што было яшчэ раз пацьверджана на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, застаецца нязьменнай: такія дзеяньні па аднабаковым разьвіцьці вайсковай інфраструктуры, разгортваньні сілаў і сродкаў блізу нашых межаў зьяўляюцца дэструктыўнымі, падрываюць давер і паразуменьне».

Сяргей Лаўроў таксама адзначыў, што абмеркаваў з Уладзімерам Макеем сытуацыю ў эўрапейскім рэгіёне, бакі прыйшлі да поўнага ўзаемаразуменьня.

«У нас агульны інтарэс да таго, каб разьвіваць раўнапраўныя ўзаемавыгадныя адносіны і з Эўрапейскім Зьвязам, і ў рамках дыялёгу з Паўночнаатлянтычным альянсам, — сказаў кіраўнік МЗС Расеі. — Мы дамовіліся працягваць дамагацца таго, каб гэтыя адносіны ўсё ж былі папраўленыя ў адпаведнасьці з тымі палітычнымі дакумэнтамі, якія прымаліся на вышэйшым узроўні ў канцы эпохі халоднай вайны».

Пра русафобскую палітыку Захаду

Масква не зацікаўленая ў канфрантацыі, але бачыць штучны характар у пазыцыі Захаду ў адносінах да Расеі. Пра гэта заявіў Сяргей Лаўроў на прэс-канфэрэнцыі 29 траўня.

Міністры замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў (зьлева) і Беларусі Ўладзімер Макей на сустрэчы ў Менску 29 траўня

​«Мы бачым, як досыць па-русафобску настроеная меншасьць на Захадзе спэкулюе і злоўжывае прынцыпамі салідарнасьці і кансэнсусу, які існуе ў Эўразьвязе, спрабуе адводзіць па-іншаму настроеныя дзяржавы ў бок інфармацыйнай вайны, — сказаў Лаўроў. — Спрабуюць за кошт гэтага спаборніцтва ў русафобіі прыцягнуць увагу старэйшых таварышаў да сваіх уласных праблемаў. Добры прыклад — „справа Скрыпалёў“, якая на вачах рассыпаецца за адсутнасьцю якіх-колечы доказаў і пацьверджаньняў».

Яшчэ адным прыкладам Сяргей Лаўроў назваў расьсьледаваньне крушэньня авіялайнэра Malaysia Airlines, які ў 2014 годзе быў зьбіты над Украінай. Хоць доказаў няма, абвінавачваецца Расея, сказаў кіраўнік расейскага МЗС.

«Нідэрлянды абвясьцілі, што ўжо на гэтым этапе расьсьледаваньня можна сказаць, што мае дачыненьне да трагедыі расейскі бок, устаноўка „Бук“ прыйшла з тэрыторыі Расеі, а потым вярнулася, — сказаў Лаўроў. — Пры гэтым адпрэчваюцца ўсе дакумэнтальныя сьведчаньні і тое, што гэта як мінімум некарэктна заяўляць на дадзеным этапе. У тым ліку праігнараваныя дадзеныя нашых радараў, якія паказваюць, што ракета не магла ўзьляцець з таго пункту, зь якога паказана. Але нам ужо кажуць, што Расея павінна ўступіць у перамовы з Аўстраліяй і Нідэрляндамі для ўзгадненьня памераў кампэнсацыі».

На думку Лаўрова, Захад гэта робіць дзеля таго, каб адцягнуць сваё насельніцтва ад праблемаў, якія ёсьць у Эўразьвязе, у тым ліку ад праблемы Brexit.

Пра ручны рэжым кіраваньня Кіевам з боку Вашынгтону

Сяргей Лаўроў таксама заявіў пра асаблівую ролю Вашынгтону ва ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне, бо Вашынгтон можа наўпрост уплываць на кіеўскія ўлады.

«Асаблівую ролю мы адводзім Вашынгтону ў сілу яго вялікага ўплыву, а часьцяком і непасрэднага кіраваньня працэсамі, якія адбываюцца ва Ўкраіне, у ручным рэжыме, — спасылаецца на расейскага міністра агенцтва Інтэрфакс. — Мы заклікаем удзельнікаў так званага нармандзкага фармату, Нямеччыну і Францыю, узьдзейнічаць на ўкраінскі бок, каб заахвоціць нашых суседзяў прыступіць да як найхутчэйшага і паўнавартаснага выкананьня ўзятых на сябе ў Менску тры гады таму абавязаньняў».

Закранаючы «дэструктыўную пазыцыю» Кіева, кіраўнік МЗС Расеі згадаў так званы закон аб рэінтэграцыі Данбасу, які, паводле яго, прадугледжвае навядзеньне парадку на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік з дапамогай арміі, што, па сутнасьці, перакрэсьлівае менскія дамоўленасьці.

Лаўроў пра Лукашэнку: «У нас адзіная пазыцыя. Мы не шукаем канфрантацыяў». Але «непакоіць NATO»