Менская міліцыя пацьвердзіла: на выходных на Зыбіцкай затрымалі «некалькі дзясяткаў чалавек»

Ілюстрацыйнае фота

Газэта «Наша Ніва» са спасылкай на відавочцаў распавядала пра «хапун» у ноч з суботы на нядзелю на менскай вуліцы Зыбіцкай, дзе месьціцца шэраг папулярных у моладзі бараў. На сайце ГУУС Менгарвыканкаму пазьней зьявілася паведамленьне пра затрыманьні.

Паводле чытача «Нашай Нівы» Андрэя Арлоўскага, супрацоўнікі АМАП затрымалі яго і сяброў без тлумачэньняў, хоць яны «пілі толькі ў барах, былі адэкватныя і паводзілі сябе прыстойна». Затрыманых на аўтазаку адвезьлі ў РУУС Цэнтральнага раёну, там на іх і яшчэ 15 чалавек склалі пратаколы — нібыта «п’яныя перашкаджаюць людзям адпачываць».

Іншы суразмоўца газэты расказвае, што калі яго затрымалі, у аўтазаку зь ім было каля 10 чалавек.

Абодва сьцьвярджаюць: хто пагаджаўся падпісаць пратакол, тых вызвалялі на раніцу, а тым, хто не пагаджаўся, казалі, што пакінуць за кратамі да панядзелка.

На сайце менскай міліцыі заяўляюць, што патрульныя і АМАП «цікавяцца» грамадзянамі, якія расьпіваюць алькагольныя напоі па-за барамі і тэрасамі на Зыбіцкай і ўзьбярэжжы Сьвіслачы.

Міліцыя пацьвярджае, што ў мінулыя выходныя на Зыбіцкай было затрымана «некалькі дзясяткаў чалавек» (дакладная колькасьць не называецца) за «расьпіваньне ў грамадзкіх месцах» (арт. 17.3 КаАП РБ), але кажа, што «хапуна» і «працяглага знаходжаньня» затрыманых у аддзяленьні не было. Паводле міліцыі, гэта «выдумкі псэўдажурналістаў» — нібыта насамрэч пасьля складаньня пратаколаў усіх адразу вызвалілі.

Адзіным, каго пакінулі да раніцы панядзелка і даставілі ў суд, быў чалавек, які раней ужо прыцягваўся да адказнасьці за «расьпіваньне ў грамадзкіх месцах» і «не зрабіў адпаведных высноваў».

«Сталічная міліцыя і надалей будзе ажыцьцяўляць ахову грамадзкага парадку на вуліцы Зыбіцкай і прылеглых да яе тэрыторыях, каб забясьпечыць грамадзянам годны адпачынак і камфортнае баўленьне часу», — дадаецца на сайце ГУУС Менгарвыканкаму.

Раней у гэты ж дзень стала вядома, што на Зыбіцкай узмоцняць патрулі і забароняць музыкам выступаць ноччу.

Два гады таму здарылася падобная гісторыя: шэраг людзей расказвалі пра беспадстаўную «зачыстку» на Зыбіцкай, але міліцыя адмаўляла, што праводзіла нейкую адмысловую апэрацыю.