Крэмль — «вялікі гопнік». Украінскі мастак перарабіў лога футбольнага чэмпіянату сьвету

Украінскі мастак Андрэй Ярмоленка намаляваў сэрыю плякатаў, прымеркаваных да чэмпіянату сьвету па футболе ў Расеі. Графічным афармленьнем яны нагадваюць афіцыйную сымболіку чэмпіянату, але на гэтым падабенства спыняецца: кожны з плякатаў прысьвечаны адной з падзеяў, якія Ярмоленка лічыць дастатковай падставай для байкоту спаборніцтваў. У іх ліку — анэксія Крыму, падтрымка сэпаратыстаў на ўсходзе Украіны, зьбіты «Боінг» над Данецкам, бамбаваньні Алепа, лёс украінскіх палітвязьняў у Расеі, атручваньне Сяргея і Юліі Скрыпалёў. Самы папулярны малюнак мастака, афіцыйны лягатып чэмпіянату, стылізаваны пад чэрап, нават паказалі ў прамым эфіры на тэлеканале «Россия-1».

У інтэрвію Радыё Свабода Андрэй Ярмоленка расказаў пра свой праект і пра тое, чаму, на ягоную думку, іншыя дзяржавы так і не адважыліся на байкот ЧС-2018 у Расеі.

«Каталізатарам для стварэньня гэтых плякатаў паслужыла абвяшчэньнеу Алегам Сянцовым галадоўкі з патрабаваньнем вызваліць ўкраінскіх палітвязьняў з расейскіх турмаў. Спачатку я пачаў маляваць плякаты пра справу Алега Сянцова, і гэта мяне вывела на чэмпіянат. Ведаеце, калі ўключаецца сумленьне, яго вельмі складана заглушыць і прымусіць замаўчаць. Плюс да ўсяго, я спадзяваўся, што ўкраінскае Міністэрства інфармацыйнай палітыкі неяк ажывіцца і падключыцца, ведаючы, што ў Расеі мае быць чэмпіянат сьвету, што яны нешта будуць рабіць. Але я ўбачыў, што ўсе маўчаць. Сам я маўчаць ня змог».​

«Мы ўсе цудоўна ведаем, што Расея — гэта такі вялікі гопнік на мапе сьвету, які дазваляе сабе тое, што іншыя дзяржавы ня могуць сабе дазволіць. Што дазваляе гопніку браць і адціскаць кашалькі? Бязьдзейнасьць паліцыі. Мы кажам, што „сусьветны паліцыянт“ — гэта Амэрыка. Але насамрэч Эўропа, Амэрыка і ўсе іншыя краіны бязьдзейнічаюць, ніхто па носе Пуціну так і ня даў».

«Пасьля таго, як маю ілюстрацыю паказалі на расейскім тэлебачаньні, я атрымаў вельмі шмат лістоў і паведамленьняў. Многія расейцы напісалі, што ў мяне „крывавыя хлопчыкі ў вачах“. Было некалькі нападаў на мой фэйсбук. Разумееце, мне цяпер наагул вельмі складана казаць пра Расею. Расея цяпер як краіна для мяне вораг, гэта праўда. Я ня буду казаць пра людзей, якія падтрымліваюць Украіну, якія не падтрымліваюць Украіну, пытаньне ня ў гэтым. Як краіна — гэта адкрыты вораг, які вядзе супраць Украіны маштабную падрыўную дзейнасьць. Вельмі шмат маіх сяброў загінулі праз Расею. У 2014 годзе вельмі шмат футбольных фанатаў пайшлі абараняць Украіну, а цяпер у дзяржаве-агрэсары адбываецца чэмпіянат сьвету, дзе зьбяруцца фанаты з розных краін. Я не магу маўчаць з гэтай нагоды. Расейцы мяне ненавідзяць. Я лічу, што гэта добра. Добра, калі ў цябе ёсьць адкрыты вораг, а ня вораг, які цябе хваліць, а потым усадзіць у сьпіну нож, як было ў 2014 годзе з Украінай».

Кадр з выпуску праграмы „60 минут“ на тэлеканале „Россия-1“ 30 траўня 2018 году

«Я люблю футбол, але чэмпіянат сьвету глядзець ня буду. І нікому ня раю, шчыра кажучы. Таму што нельга спакойна назіраць за дзеяй, якая запэцкана крывёю, нават калі гэта вельмі прыгожы канцэрт ці вельмі прыгожае шоў. За апошнія некалькі гадоў Расея паказала сябе як тэрарыст, які не прытрымліваецца наогул ніякіх міжнародных дактрын. Пачынаючы ад хімічнай зброі і заканчваючы ўмяшаньнем у выбары ў іншых краінах. Гэта страшна! Вось пра гэта я і кажу сваімі плякатамі».