Класкоўскі пра саміт Трампа і Кіма: «Ня трэба эўфарыі»

Аляксандар Класкоўскі

Ацэньваючы вынікі перамоваў кіраўнікоў ЗША і КНДР Дональда Трампа і Кім Чэн Ына, менскі палітоляг, аглядальнік Аляксандар Класкоўскі адзначыў, што цяпер, натуральна, ідзе хваля эўфарыі ў мэдыя.

Мала каму верылася, што гэты «маленькі зацяты паўночнакарэйскі дыктатар» урэшце так рэзка зьменіць лінію сваіх паводзінаў і знойдзе агульную мову з кіраўніком найбуйнейшай дэмакратычнай дзяржавы сьвету. Але гэта адбылося, кажа Класкоўскі.

«І я б хацеў падкрэсьліць: ня трэба ўпадаць у гэтую эўфарыю, бо ў такога кшталту правадыроў, як Кім Чэн Ын, іхная фішка, канёк — гэта шантаж, хоць і сам Трамп кажа, што гэты працэс дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава пойдзе вельмі хутка, імкліва. Насамрэч на практыцы ўсё можа аказацца значна больш складаным і пакутлівым працэсам, таму, думаю, Пхэньян будзе старацца пэрыядычна біць у хамут, так бы мовіць, і вытаргоўваць для сябе як мага болей прэфэрэнцыяў. Таму што пры ўсіх „пантах“ Паўночная Карэя — краіна вельмі бедная; папраўдзе, народ там жыве зусім абы-як, ніякага эканамічнага патэнцыялу няма», — кажа Аляксандар Класкоўскі.

На яго думку, сустрэча амэрыканскага і паўночнакарэйскага лідэраў, якія знайшлі агульную мову і запусьцілі гістарычны працэс, можа паслужыць прыкладам і для беларускіх уладаў.

«Трэба і ім разьвязваць гэты канфліктны вузел у дачыненьнях са Злучанымі Штатамі Амэрыкі, завязаны ў 2008 годзе, калі беларускае кіраўніцтва, разьюшанае амэрыканскімі санкцыямі, па сутнасьці, выгнала тагачасную амбасадарку Карэн Ст’юарт і большую частку дыпляматычнага складу місіі. Хоць пасьля гэтага былі зробленыя некаторыя крокі да паразуменьня, і да сёньня амэрыканскага амбасадара няма, так што наступствы той дыпляматычнай вайны яшчэ не пераадоленыя. Тут, безумоўна, шмат што ўпіраецца ў інэрцыю ранейшых рашэньняў, у амбіцыі абодвух бакоў.

Але я думаю, што Трамп сваім неардынарным стылем паводзінаў хутка, рашуча робіць такія ўгоды на міжнароднай арэне, і гэтым можа скарыстацца і беларускае кіраўніцтва, каб пераадолець інэрцыю двухбаковых дачыненьняў і хутка выйсьці на іх нармалізацыю», — перакананы Аляксандар Класкоўскі.

Трамп і Кім падпісалі выніковы дакумэнт саміту. ПОЎНЫ ТЭКСТ

Гістарычная сустрэча Трампа і Кіма. Абнаўляецца