На месцы зьнесеных крыжоў ля рэстарану ў Курапатах зьявіўся шлягбаўм. ФОТА

Шлягбаўм у Курапатах на «стыхійнай» дарозе да рэстарацыі «Поедем поедим»

Працаўнікі Бараўлянскага сельсавету ўсталявалі ў ахоўнай зоне Курапатаў шлягбаўм на «стыхійнай» сьцяжынцы, расказаў Свабодзе намесьнік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Сьцяжынка, на якой зьявіўся шлягбаўм, праходзіць праз ахоўную зону мэмарыялу Курапаты, дзе ў часы сталінскіх рэпрэсіяў былі забітыя дзясяткі тысяч, калі ня сотні тысяч беларусаў. Як мяркуюць абаронцы Курапатаў, гэтай дарогай карыстаюцца супрацоўнікі і пастаўшчыкі харчоў рэстарацыі «Поедем поедим», што месьціцца ў 50 мэтрах ад мэмарыялу.

Каб спыніць рух аўто праз «стыхійную» сьцяжынку, актывісты 12 чэрвеня ўсталявалі пасярод яе крыжы, але ў ноч на 13 чэрвеня невядомыя зламалі крыжы і склалі іх ля дарогі. Актывісты аднавілі крыжы ўдзень, але наступнай ноччу крыжы зьніклі зусім.

Аляксей Янукевіч кажа Свабодзе, што працаўнікі Бараўлянскага сельсавету не размаўляюць з актывістамі, але ён лічыць відавочным, што зьяўленьне шлягбаўму зьвязанае зь візытам чыноўнікаў да крыжоў днём раней. Ці зьвязаныя чыноўнікі або працаўнікі рэстарацыі са зносам крыжоў, невядома.

12 чэрвеня, вечар

13 чэрвеня, раніца

13 чэрвеня, вечар

14 чэрвеня, раніца

Супрацоўнікі міліцыі 13 чэрвеня хацелі скласьці пратаколы на Ганну Шапуцьку і Тацяну Кім паводле артыкулу аб самавольным захопе зямлі (арт 23.41 КаАП). Актывісты абурыліся, што не захоплівалі зямлю. Міліцыянты запісалі дадзеныя Ганны Шапуцькі і яе мужа, а таксама Тацяны Кім.

У той жа дзень аўтамабіль з расейскімі нумарамі зьбіў двух пікетоўцаў на ўезьдзе ў рэстарацыю. СМІ выявілі, што ў машыне былі бізнэсовец Іван Ермакоў і экс-вядоўца БТ Стэла Чыркова.

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты