Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў панядзелак скрытыкаваў стан міграцыйнага пытаньня ў Эўропе — на фоне спрэчак у Нямеччыне па праблемах іміграцыі.
«Народ у Нямеччыне паварочваецца супраць уласных лідэраў, што наносіць новыя ўдары па і без таго хісткай бэрлінскай кааліцыі. У Нямеччыне расьце злачыннасьць. Зробленая велізарная памылка па ўсёй Эўропе — дазволілі прыехаць мільёнам людзей, якія так груба і моцна зьмянілі мясцовую культуру», — напісаў Трамп у Твітэры.
«Мы не хочам, каб тое, што адбываецца з міграцыяй у Эўропе, здарылася ў нас!» — падкрэсьліў прэзыдэнт ЗША.
The people of Germany are turning against their leadership as migration is rocking the already tenuous Berlin coalition. Crime in Germany is way up. Big mistake made all over Europe in allowing millions of people in who have so strongly and violently changed their culture!
— Donald J. Trump (@realDonaldTrump) June 18, 2018
У Нямеччыне паўстала пагроза ўрадавага крызісу ў сувязі са спрэчкамі аб міграцыйнай палітыцы паміж канцлерам Ангелай Мэркель і міністрам унутраных справаў, лідэрам адной з партыяў кааліцыі, Хрысьціянска-сацыяльнага саюзу (ХСС), Горстам Зэегофэрам.
Зэегофэр настойвае на ўзмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі, у прыватнасьці, на тым, каб Нямеччына пачала адпраўляць бежанцаў, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, у тыя краіны Эўразьвязу, дзе яны зьвярнуліся па прытулак. У 2015 годзе — у разгар міграцыйнага крызісу — Мэркель адмовілася выконваць гэты прынцып, заявіўшы, што Нямеччына здольная паклапаціцца пра ўцекачоў, якія прыбываюць у Эўразьвяз, незалежна ад таго, дзе яны перасеклі мяжу ЭЗ. Паводле ацэнак, у Нямеччыну за тры гады прыбыла каля паўтара мільёна бежанцаў.
Зэегофэр, нягледзячы на пярэчаньні Мэркель, як чакаецца, абвесьціць аб увядзеньні ў дзеяньне свайго пляну. Канцлер можа заблякаваць яго, што, хутчэй за ўсё, прывядзе да адстаўкі міністра. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да выхаду ХСС з кааліцыі з Хрысьціянска-дэмакратычным саюзам Мэркель, што прывядзе да таго, што яе кабінэт страціць большасьць у Бундэстагу.
Мэркель сьцьвярджае, што неабходна ўзгадніць зьмены ў міграцыйнай палітыцы зь іншымі краінамі ЭЗ і просіць Зэегофэра адкласьці ўвядзеньне ў дзеяньне яго пляну да саміту Эўразьвязу, які пройдзе ў канцы чэрвеня.