Дзеячы расейскай культуры просяць Пуціна памілаваць Сянцова

Алег Сянцоў

Дзеячы расейскай культуры выступілі са зваротам да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, заклікаўшы кіраўніка дзяржавы памілаваць украінскага рэжысэра Алега Сянцова.

Зварот апублікаваны на сайце радыёстанцыі «Эхо Москвы».

У ім падкрэсьліваецца, што «віна Сянцова не настолькі вялікая, каб за яе давалі 20 гадоў». Сянцоў, на думку тых, хто падпісаўся пад зваротам, шчыры і сумленны ў сваіх перакананьнях — яго бестэрміновая галадоўка гэта даказвае. «Неабходна праявіць міласэрнасьць, каб выратаваць чалавечае жыцьцё. Нам трэба зьмякчаць палітычны клімат у краіне, мірыцца з суседзямі. Памілуйце Алега Сянцова, мы просім Вас», — рэзюмуюць аўтары пэтыцыі.

Зварот падпісалі 13 чалавек. Сярод іх рэжысёры Андрэй Зьвягінцаў, Аляксандар Сакураў і Аляксандар Сакураў, акторка і кіраўніца дабрачыннага фонду «Падары жыцьцё» Чулпан Хаматава, мультыплікатар Юры Нарштэйн, тэлевядучыя Ўладзімір Позьнер і Ксенія Сабчак.

«Грамадзкі рэзананс ніякім чынам не можа паўплываць на рашэньне суду РФ, якое ўступіла ў сілу», — заявіў прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, камэнтуючы зварот. Пяскоў адзначыў, што Сянцоў сам павінен ініцыяваць вырашэньне пытаньня аб памілаваньні. «Для памілаваньня прадугледжаная працэдура, якая ініцыюецца самім асуджаным», — патлумачыў прадстаўнік Крамля.

Украінскі рэжысэр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расеі на 20 гадоў паводле абвінавачаньня ў падрыхтоўцы тэрактаў у Крыме, сваёй віны не прызнаў. 14 траўня ён абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем выпусьціць з расейскіх турмаў усіх украінскіх палітвязьняў, якую не спыняе да гэтага часу. Сянцоў неаднаразова заяўляў, што будзе трымаць яе «да канца».