Забытыя. Андрэй Клімаў: «Мару памерці раней, чым перастане існаваць Беларусь»

У праекце «Забытыя. Размовы з героямі ўчорашніх дзён» мы распавядаем пра лёсы палітычных і грамадзкіх актывістаў, якія запомніліся актыўным удзелам у падзеях найноўшай гісторыі Беларусі, але адышлі ад гэтай дзейнасьці. Ці знайшлі яны сябе ў «звычайным» жыцьці і як цяпер бачаць ранейшы актывізм? Герой першай публікацыі — бізнэсовец, палітык, палітвязень, публіцыст і паліглёт Андрэй Клімаў.

Пасьпяховы бізнэсовец, які пайшоў у палітыку і стаў апанэнтам Лукашэнкі

Андрэй Клімаў выступае ў Вярхоўным Савеце. Побач зь ім Віктар Ганчар, 1996 год

На знак пратэсту супраць загаду разганяць мірныя мітынгі грамадзян на плошчы Леніна ў Менску выпускнік Львоўскай вышэйшай пажарна-тэхнічнай вучэльні і юрыдычнага факультэту БДУ ў Менску, старшы лейтэнант Галоўнай управы пажарнай аховы МУС БССР Андрэй Клімаў пакінуў пасаду паводле ўласнай заявы. Гэта быў трэці дзень ГКЧП — 21 жніўня 1991 году — і першы асабісты «палітычны дэмарш». З тае пары на дзяржаўнай службе ён не працаваў, кажа пра яе каротка: «Люта ненавіджу».

«Андрэй Клімаў і Ка» — група бізнэс-кампаній, якія ў 1990-я паўзводзілі дзясяткі шматкватэрных жылых дамоў у Менску, кварталы загарадных катэджаў узроўню «бізнэс-кляс», заклалі ў Менску царкву. На рахунку Клімава-бізнэсоўца таксама — юрыдычны, прамысловы, банкаўскі бізнэс, выдавецкая справа. Пляны, якім не наканавана было збыцца — прыватныя мэдычныя цэнтры.

На літаратурна-публіцыстычнай ніве — «Газэта Андрэя Клімава», восем кніг, якім аўтар дае ўласную рэцэнзію: «Канечне, мае кнігі ня стануць клясыкай беларускай літаратуры і публіцыстыкі, але адна зь іх, „Прагулкі з вампірам“, увойдзе ў гісторыю Беларусі, як адзіны мастацкі твор, наклад якога быў спалены па рашэньні Першамайскага суду Менску ў 2005 годзе».

Андрэй Клімаў на Дні Волі на Кастрычніцкай плошчы ў Менску, 25 сакавіка 2005

«Калі няма годных вайскоўцаў у нас у дзяржаве, то я як былы супрацоўнік пажарнай аховы, старшы лейтэнант, магу ўзяць на сябе місію арыштаваць Лукашэнку за арганізацыю дзяржаўнага перавароту, калі гэткія паўнамоцтвы мне надасьць Вярхоўны Савет», — заявіў Андрэй Клімаў з трыбуны Авальнай залі парлямэнту ў лістападзе 1996 году. У Вярхоўным Савеце 13 скліканьня Андрэй Клімаў у тым жа месяцы стаў адным з ініцыятараў імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку.

Клімаў на Кастрычніцкай плошчы, травень 2018

«Турэмныя ўнівэрсытэты» Андрэя Клімава склалі чатыры крымінальныя справы, па адной зь якіх — у сакавіку 2000 году — яму прысудзілі 6 гадоў турмы за нібыта эканамічныя злачынствы.

У чэрвені 2005 году палітыка асудзілі на год і шэсьць месяцаў за Дзень Волі 2005 году, калі ён узначаліў вулічную акцыю «Рэвалюцыя Андрэя Клімава».

Трэці раз ён атрымаў два гады калёніі строгага рэжыму ў жніўні 2007 году — за публікацыю ў інтэрнэце артыкула, у якім улады ўгледзелі «заклік да зьвяржэньня дзяржаўнага ладу». У выніку палітык адбыў дванаццаць гадоў абмежаваньня волі, зь якіх сем гадоў турмы і пяць — хатняга нагляду. Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала Клімава вязьнем сумленьня.

Даведка аб вызваленьні

Больш за дзесяць гадоў Андрэй Клімаў не займаецца актыўнай грамадзкай і палітычнай дзейнасьцю.

«У 1996 годзе мяне запрашаў у сваю каманду асабіста Аляксандар Лукашэнка. У 2006-м Казулін прыехаў да мяне на „хімію“ ў Крупкі і зрабіў таксама прапанову. У 2010-м мяне запрашаў у сваю каманду Саньнікаў, у 2015-м Анатоль Лябедзька, — і я ніколі не пагаджаўся. Таму што не хацеў быць ангажаваным ніводнай авантурай», — кажа пра сябе 52-гадовы Андрэй Клімаў.

Андрэй Клімаў праз дарогу ад будынка КДБ у Менску

​«Сёньня пачынаю вывучаць вугорскую, і гэта будзе адзінаццатая мова, якой я маю авалодаць», — дадае ён.

«Пайшоў у палітыку, бо занадта шмат грошай было»

— Калі вы трактуеце палітыку як авантуру, то чаму ёю актыўна заняліся ў якасьці дэпутата Вярхоўнага Савету?

— Вельмі проста — занадта шмат грошай было. Так, я адчуваў незалежнасьць ад дзяржаўных структур, ствараў працоўныя месцы, плаціў падаткі, не парушаў закон. Бо я прыйшоў у бізнэс не з крымінальных структур, а зь дзяржаўнай службы і з вышэйшай юрыдычнай адукацыяй. І зь дзяржаўнай пасады мяне ня выгналі, а я добраахвотна сышоў дзеля палітычных перакананьняў — гэта быў мой першы палітычны досьвед яшчэ ў 1991 годзе.

У мяне было ўяўленьне, як павінна будавацца новая краіна. І дзе гэта было рабіць? Седзячы ў кабінэце бізнэсоўца за шклянкай каньяку ці віна? Я ведаў, што я прайду ў парлямэнт, і прайшоў. І ў мяне да гэтага быў такі падыход бізнэсоўца: у дзяржаве павінны быць створаныя ўмовы для бізнэсу, і пачынаць трэба з заканадаўчай базы. Калі б мы ўсё ажыцьцявілі, што плянавалі з Васілём Шлындзікавым, то я вам скажу — што сёньня Польшча была б далёка, далёка за намі. У нас былі вельмі адукаваныя, свабодныя людзі, была вельмі добрая эканамічная база, і шанцы ў нас былі вельмі вялікія.

— Вы працавалі ў камісіі па эканамічных рэформах, але сталі адным з ініцыятараў прэзыдэнцкага імпічмэнту.

— Ну, я ж звольніўся з органаў самастойна — я не прывык быць бараном. І калі гаворка зайшла пра тое, каб зрабіць зь Вярхоўнага Савету аўчарню, то, можа, я і ня воўк, але і бляяць як авечка таксама ня буду. У мяне была пэрсанальная сустрэча з Лукашэнкам, і ён прапаноўваў супрацоўніцтва. Але я адмовіўся, бо не хацеў, каб у нас была дыктатура. У мяне пазыцыя была такая, што павінен працаваць парлямэнт, павінна дзейнічаць Канстытуцыя.

— А адыход ад палітыкі — гэта наступства сэрыйнага крымінальнага перасьледу ці ідэалягічныя разыходжаньні з палітычнымі лідэрамі?

— Я па-ранейшаму сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, руху «За свабоду», вылучаўся кандыдатам у дэпутаты ад партыі і руху. Але ў зьвязку зь непрыстойнасьцю некаторых асоб, якія арганізоўвалі выбары ад апазыцыі, я больш ня маю зь імі ніякіх агульных спраў.

Маё перакананьне, што зь сёньняшнімі лідэрамі апазыцыі ня тое што кашы ня зварыш, але бяды наясіся

Маё перакананьне, што зь сёньняшнімі лідэрамі апазыцыі ня тое што кашы ня зварыш, але бяды наясіся. Нічога агульнага зь людзьмі, якія арганізоўвалі выбары 2010 году і ўдзельнічалі ў іх, мець не хачу. Гэта быў пік рэжыму, і калі б быў байкот — Лукашэнка сам бы склаў паўнамоцтвы к 2011 году. А пасьля здарылася Ўкраіна, і каньюнктура зьмянілася. Тады быў шанец, але болей яго ня будзе. І палітыку рабіць няма з кім: з Лукашэнкам не хачу, а з апазыцыяй брыдка.

«Я паліў крывёю гэтую краіну — і хацеў бы памерці тут»

— Як вы пазыцыянуеце сябе сёньня: грамадзкі дзеяч, бізнэсовец, юрыст, — кім зь іх пачуваецеся найперш?

— Я пачуваюся так, што лячу ў бездань разам з маёй краінай, народам і разам з тым жа Лукашэнкам, які ляціць туды ж разам са сваёй сям’ёй і са сваёй дыктатурай. Расчараваньне вельмі вялікае, і каб зусім не апусьціць рукі, займаюся сям’ёй — гэта мая галоўная каштоўнасьць і мэта жыцьця.

Дзеці мае вырасьлі — іх трое. Напачатку яны зьяжджалі вучыцца ў Эўразьвяз, а пазьней там і засталіся, бо гэта рай для моладзі.

Тут мы з жонкай Тацянай — яна працуе, і я спрабаваў уладкавацца адвакатам. Але прыходжу ў адну «кантору», у другую, у трэцюю, а мне кажуць: вы ж зразумейце нас правільна — у нас ёсьць свае дзеці... Вось і ўсё. А я маю вялікі досьвед эканамічны і юрыдычны, таму абсалютна бясплатна дапамагаю людзям, калі зьвяртаюцца.

Маю вялікі досьвед эканамічны і юрыдычны, таму абсалютна бясплатна дапамагаю людзям, калі зьвяртаюцца па дапамогу

Амаль усе, каму я дапамагаў, вырашылі праблему станоўча для сябе: камусьці адмянілі судовае рашэньне, камусьці скарацілі тэрмін, і гэтак далей. Кажу толькі людзям: найміце адваката і скажыце, каб ён зрабіў тое, тое і тое. Што тычыцца бізнэсу, то бізнэс-імпэрыю будаваць не зьбіраюся, але ў мяне вельмі шмат сяброў ва ўсім сьвеце, і я даю ім кансультацыі па інвэстыцыях: кітайцам — у Расею і Эўропу, эўрапейцам — у Расею, расейцам — у Эўропу, амэрыканцам — у Расею і Эўропу. Таму ў гэтай сувязі шмат вывучаю мовы.

— У вас ёсьць досьвед эканамічны, юрыдычны, палітычны і шматмоўнасьць. Ці не было спакусы эміграваць зь Беларусі?

— Была, спрабаваў зьяжджаць і нават жыў некалькі месяцаў у той жа Літве і Польшчы. Але я не Пазьняк і ня Саньнікаў, таму гэткі расклад не для мяне. Я выпеставаў, паліў крывёю гэтую краіну — яна стваралася і маімі рукамі ў тым ліку. Я выхоўваў тут дзяцей, выхоўваў грамадзтва і хацеў бы дажыць і памерці тут.

Я выхоўваў тут дзяцей, выхоўваў грамадзтва і хацеў бы дажыць і памерці тут.

І калі раптам здарыцца цуд, а цуду ніхто не адмяняў, і раптам спатрэбіцца мая дапамога, то вось гэты патэнцыял можа спатрэбіцца, каб адратаваць краіну. Ня дзеля кар’еры, бо цяпер менш за ўсё я хацеў бы стаць прэзыдэнтам, дэпутатам ці заняць нейкую іншую дзяржаўную пасаду: лютай нянавісьцю ненавіджу ўсё, што зьвязана зь дзяржаўнай службай — гэтай ілжывай заганай чалавецтва. Гэта ня поза і ня пыха — не. Я гатовы быў бы сьцішыць свае амбіцыі і дзеля дабрабыту краіны гатовы быў бы супрацоўнічаць і з апазыцыяй, і нават з гэтай уладай, але прадуктыўна і выключна дзеля карысьці дзяржавы, а ня дзеля адной сям’і.

— Як вы бавіце свой вольны час, дзе і як адпачываеце — як сілкуецеся эмацыйна?

Я адпачываю, калі кантактую з замежнікамі — вось тады я адпачываю. Калі я размаўляю з эўрапейцамі, то я адчуваю, што яны выдыхаюць паветра свабоды. Я часта кантактую з носьбітамі эўрапейскіх моваў і бачу выпраменьваньне гэтай свабоды ў манерах, у жэстах, у настроях — вось тады я сапраўды адпачываю. Кітайцы мяне таксама вельмі захапляюць. Не камуністычная партыя там запраўляе, а вось гэтая паўтарамільярдная грамада, якая аб’яднаная інтэлектуальна і эмацыйна. Мы пігмэі ў параўнаньні з кітайцамі. Усе яны — замежнікі — паказваюць мне, што ўвесь сьвет жыве нармальна.

5 пытаньняў Свабоды

— Беларуская нацыянальная ідэя — гэта...

— Першапачаткова беларуская ідэя, як, да прыкладу, БНР — гэта была пабудова новай эўрапейскай дзяржавы, якая магла б уліцца ў адзіную эўрапейскую сям’ю пасьля крушэньня імпэрый. Цяпер — пасьля крушэньня Савецкага Саюзу — асноўнай ідэяй была незалежнасьць. Яе няма. Таму пра наступную ступень ідэі — вярнуцца ў эўрапейскую сям’ю дзяржаў — казаць бессэнсоўна.

Адзінае, што сёньня яднае беларускую нацыю, — нянавісьць да дыктатуры

Адзінае, што сёньня яднае беларускую нацыю, — нянавісьць да дыктатуры. І нават ня проста да дыктатуры, а да адной сям’і, якая адкрыта дэманструе сваю пагарду да народу. І чым больш будзе гэтай дэманстрацыі рэзыдэнцыяў, пабудовы шкодных вытворчасьцяў, захопу земляў і забудовы Менску, дэманстрацыі жорсткасьці — тым большую нянавісьць гэта будзе выклікаць і гэтым аб’ядноўваць і мацаваць нацыю. У выніку гэтая сям’я робіць вялікую паслугу нашай нацыі: яднае ў нянавісьці. А эмацыйны стан — ён мацнейшы за інтэлектуальны.

— Назавіце трох нацыянальных герояў Беларусі.

— Пётра Машэраў, бо ён дыстанцыяваў Беларусь як эўрапейскую дзяржаву яшчэ пры Савецкім Саюзе — гэта нацыянальны герой. Другі — гэта Зянон Пазьняк, бо калі б не было Пазьняка, то, пэўна, не было б крушэньня імпэрыі і не было б гэтай краіны. І, напэўна, Якуб Колас, бо ён ня проста сфармаваў літаратуру, але і аблічча нацыі. Ня кожнай нацыі гэтак пашанцуе: у французаў, да прыкладу, галоўны — Напалеон ваяўнічы, а ў нас — інтэлектуалы. Нам проста шанцавала да Лукашэнкі: каго ні вазьмі — прыгажуны і інтэлектуалы: што Машэраў, што Пазьняк, што Колас.

— Якая кніга найбольш паўплывала на вас як на асобу?

Адну вылучыць вельмі цяжка, бо я вельмі начытаны чалавек. Я б выбіраў паміж «Асабняком» Фолкнэра і «Восеньню патрыярха» Маркеса. А з улікам таго, што цяпер я ўзмоцнена вывучаю гішпанскую мову, то, напэўна, усё ж Маркеса «Восень патрыярха».

— Колькі грошай вам патрэбна для поўнага шчасьця?

— Як выявілася, Гандзі меў рацыю: толькі застаўшыся бяз грошай, пачынаеш разумець, што такое сапраўднае шчасьце і галоўныя жыцьцёвыя каштоўнасьці. Вось у гэты момант я пачуваюся шчасьлівым, бо ў мяне хапае грошай на тэлефоне, каб весьці з вамі гаворку — я ня ведаю, колькі іх там — магчыма 5, магчыма, 10 рублёў. І таксама я шчасьлівы ад той колькасьці грошай, якія патраціў на сьняданак, каб мець сілы весьці гэтую гаворку. Шчасьце для мяне ня грошы, а праход праз багну: іду па купінах, мой шлях дрыготкі, і калі я правільна ступіў — я шчасьлівы.

— Калі ў Беларусі зьменіцца ўлада?

— Усяму ёсьць свой канец: Лукашэнка рана ці позна памрэ — тады ўсё і зьменіцца. І на гэтым скончыцца кароткая гісторыя нашай краіны. Бо ён сам выкасіў плеяду палітыкаў, якія маглі б адстойваць незалежнасьць краіны і быць апорай электарату, які таксама прагне незалежнасьці. Акрамя таго, Расея ня будзе рызыкаваць і чакаць, пакуль тут складзецца ўкраінскі варыянт.

Таму пасьля ягонай сьмерці ўвядуць войскі, і тут будзе крымскі сцэнар на сто адсоткаў — я ў гэтым не сумняюся ні хвіліны. У нашай краіны будучыні няма. І самае страшнае, што гэта віна не Лукашэнкі, а нашая: мы самыя — нікчэмнасьць! Мы нават ня маем сумленьня ўзяць на сябе за гэта адказнасьць, а звальваем яе на кагосьці. Бо ў Лукашэнкі пазыцыя такая: ня трэба рамантаваць прабоіны ў караблі, бо калі парамантуем, то карабель яшчэ прыйдзе ня ў той порт і мяне скінуць з пасады, я ня буду капітанам. І ён будзе капітанам, аж пакуль гэты карабель не патоне, а мы пагадзіліся патануць разам зь ім. Адзінае, пра што я мару — памерці раней, чым перастане існаваць нашая краіна.