Ва ўрочышчы Благаўшчына пад Менскам 29 чэрвеня адбыліся ўрачыстае адкрыцьцё другой чаргі мэмарыяльнага комплексу «Трасьцянец» і мітынг-рэквіем на месцы, дзе ў час Другой усясьветнай вайны нацысты зьнішчылі больш за 200 тысяч чалавек, пераважна габрэяў.
У цырымоніі ўзялі ўдзел Аляксандар Лукашэнка, а таксама дэлегацыі пяці краінаў: Аўстрыі, Ізраілю, Нямеччыны, Польшчы і Чэхіі. Аўстрыйскую дэлегацыю ўзначаліў прэзыдэнт Аляксандар Ван дэр Бэлен (таксама прыехаў экс-прэзыдэнт Гайнц Фішэр), нямецкую — прэзыдэнт Франк-Вальтэр Штайнмаер, польскую — дзяржаўны сакратар канцылярыі прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі, чэскую — намесьнік старшыні Палаты дэпутатаў Войцех Філіп. Ад Усясьветнага габрэйскага кангрэсу прыбыў намесьнік старшыні выканаўчага дырэктара ў пытаньнях дыпляматыі Марам Штэрн.
Лукашэнка: «Сьвет зноў сутыкаецца з „дэманамі нецярпімасьці“»
На цырымоніі адкрыцьця Лукашэнка заявіў, што захаваць «праўду той вайны» важна, бо «гісторыя жорсткім чынам паказала, што нельга ігнараваць зло, нават існае на стадыі ідэі; яго трансфармацыя ў рэальную пагрозу — пытаньне часу», піша БелТА.
«Сёньня мы бачым, што мінуўшчына нас не пакідае, — казаў Лукашэнка. — Многія не прызнаюць дзяржаўных межаў. Сусьветная супольнасьць зноў сутыкаецца з „дэманамі нецярпімасьці“, якія распальваюць нянавісьць і правакуюць гвалт».
Штайнмаер заклікаў «ісьці і глядзець»
Штайнмаер у сваім выступе згадаў беларускі фільм «Ідзі і глядзі» 1985 году. Ён сказаў, што сьледаваць гэтаму закліку цяжка, бо адчуваецца жах ад колькасьці ахвяраў і іхных пакутаў, але трэба ісьці і глядзець на сьляды злачынстваў, бо «гэта доўг, які ніколі ня можа быць выплачаны».
«Чым бліжэй падыходзіш да гэтага месца, тым цяжэй даецца гэты шлях, — казаў нямецкі прэзыдэнт на мітынгу ў Трасьцянцы. — Веданьне таго, што тут адбылося, кладзецца на плечы шматтонным гнётам. Хто прыходзіць сюды, той чытаў або чуў пра злачынствы, якія немцы ўчынілі адносна беларусаў, сваіх габрэйскіх суседзяў і сваіх жа землякоў, той ведае, які спусташальны сьлед пакінула на гэтай зямлі апошняя, жахлівая вайна. Больш за чвэрць насельніцтва Беларусі не перажыло германскую акупацыю».
Ван дэр Бэлен: «На фоне Асьвенціма на задні плян часта адыходзяць назвы іншых, ня менш жудасных месцаў»
Ван дэр Бэлен расказаў, што адразу па вайне ў Аўстрыі «воля да крытычнага аналізу нацыянал-сацыялізму» была «больш чым асьцярожна-вытрыманая», але некалькі апошніх дзесяцігодзьдзяў адбываецца пераацэнка аўстрыйскай нацысцкай мінуўшчыны, «забыцьцё і выцясьненьне з памяці ў апошнія гады саступіла месца ўзмацненьню волі да ўспрыманьня і асэнсаваньня».
«Людзі ведаюць Асьвенцім, і гэта важна, але на фоне Асьвенціма на задні плян часта адыходзяць назвы іншых, ня менш жудасных месцаў, — казаў у прамове Ван дэр Бэлен. — Існуе небясьпека, што забыцьцё назваў канцэнтрацыйных лягераў і лягераў сьмерці можа прывесьці да страты памяці пра незьлічоныя ахвяры і гіганцкія маштабы зьнішчэньня. Нацыянал-сацыялісты стварылі сетку тэрору, якая накрыла ўсю Эўропу. Веды пра гэта мы павінны ў нашых жа ўласных інтарэсах захаваць у калектыўнай памяці Эўропы як перасьцярогу».
Es stimmt nachdenklich, dass wir erst heute, fast 77 Jahre nach den ersten Deportationen von Wiener Jüdinnen und Juden nach Minsk, hier stehen, um den Grundstein für dieses Denkmal zu legen. Über viele Jahre war Maly Trostenez ein vergessener Ort der Geschichte. (1/2) pic.twitter.com/z6AbsiDNea
— A. Van der Bellen (@vanderbellen) June 29, 2018
Дуда: «Таталітарныя ідэалёгіі павінны стаць закрытым разьдзелам у гісторыі»
«Сёньня разам з усімі вамі я аддаю даніну павагі памяці забітых мужчын, жанчын і дзяцей, — напісаў у звароце, агучаным падчас мітынгу, польскі прэзыдэнт Анджэй Дуда. — З болем думаю пра пакуты, якія давялося зазнаць на гэтай зямлі польскім грамадзянам. Далучаюся да малітвы ўсіх, хто прыбыў сюды, каб схіліць галовы перад тысячамі нявінных ахвяраў нямецкіх злачынцаў і іх памагатых — людзей, якімі завалодала ідэалёгія нянавісьці і пагарды. У XXI стагодзьдзі ня можа быць прымальным прыніжэньне і перасьлед людзей з прычыны расавай, рэлігійнай прыналежнасьці або сацыяльнага статусу. Аддаючы даніну памяці ахвярам Малога Трасьцянца, Благаўшчыны, Шашкоўкі і іншых месцаў зьнішчэньня, давайце зробім усё магчымае, каб нацызм, шавінізм і таталітарныя ідэалёгіі сталі закрытым разьдзелам у гісторыі чалавецтва».
«Ніхто ня выжыў, ніводных уцёкаў». Благаўшчына была пеклам Галакосту
Чакалася, што жалобную цырымонію наведаюць таксама прэзыдэнты Ізраілю, Польшчы і Чэхіі, але іхныя візыты не былі афіцыйна анансаваныя, гэтыя кіраўнікі маюць на 29 чэрвеня іншыя пляны.
У Лукашэнкі заплянаваныя асобныя сустрэчы з прэзыдэнтамі Аўстрыі і Нямеччыны (у абедзьвюх краінах прэзыдэнцкая пасада збольшага цырыманіяльная). На сустрэчах заплянавана абмеркаваць ушанаваньне ахвяраў нацызму, а таксама двухбаковую супрацу і пэрспэктывы пабудовы шматбаковага ўзаемадзеяньня ў рэгіёне.
Рада БНР выступіла супраць візытаў прэзыдэнтаў Аўстрыі і Нямеччыны ў Беларусь
Штайнмаер у Беларусі заплянаваў таксама сустрэчу зь пісьменьніцай, ляўрэаткай Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланай Алексіевіч, піша БелаПАН. На мітынгу ў Трасьцянцы ён мае выступіць з прамовай, разам зь іншымі ўдзельнікамі цырымоніі сустрэнецца з былымі вязьнямі канцлягеру і сваякамі загінулых, пасьля абеду ў Палацы незалежнасьці адкрые канфэрэнцыю «Памяць у імя агульнай эўрапейскай будучыні» ў адукацыйным цэнтры імя Раў, урэшце сустрэнецца з Алексіевіч у рэзыдэнцыі амбасадара Нямеччыны.
У Трасьцянцы нацысты забілі прыблізна 206 500 чалавек з розных краінаў, пераважна габрэяў, у тым ліку мірных жыхароў і ваеннапалонных з СССР, грамадзян Аўстрыі, Нямеччыны і Чэхаславакіі. Перад адкрыцьцём новага мэмарыялу з Трасьцянца вывезьлі крыжы памяці ксяндза Гадлеўскага і ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Тым часам абаронцы Курапатаў (месца забойства дзясяткаў, калі ня соцень тысяч чалавек у часы сталінскіх рэпрэсій) папрасілі дэлегатаў у Трасьцянцы паўплываць на сытуацыю з канфліктам вакол рэстарацыі «Поедем поедим», збудаванай пад самым мэмарыялам.
Напярэдадні адкрыцьця мэмарыялу ў Трасьцянцы польская дэлегацыя наведала Курапаты, ушанавала памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.