Брытанская паліцыя назвала «Навічок» прычынай новага атручваньня каля Солсбэры

Мужчыну і жанчыну без прытомнасьці выявілі 30 чэрвеня ў мястэчку Эймсбэры, паблізу Солсбэры

Двое брытанцаў, якіх выявілі без прытомнасьці 30 чэрвеня каля Солсбэры, былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок», заявіла брытанская паліцыя.

«Пасьля дэталёвага аналізу ўзораў мы можам пацьвердзіць, што мужчына і жанчына трапілі пад узьдзеяньне нэрвовага-паралітычнага сродку „Навічок“, які быў ідэнтыфікаваны як такое ж рэчыва, якім атруцілі Юлію і Сяргея Скрыпалёў», — гаворыцца ў заяве паліцыі.

Прадстаўнік Скотлэнд-Ярду таксама расказаў некаторыя абставіны здарэньня. Паводле яго, першай была шпіталізаваная 44-гадовая жанчына. Службу хуткай дапамогі выклікалі на адзін з адрасоў у Эймсбэры 30 чэрвеня прыблізна ў 10.15 паводле мясцовага часу. Жанчына была без прытомнасьці, яе адразу шпіталізавалі.

Пазьней у той жа дзень, каля 15.30, на гэты ж адрас зноў выклікалі «хуткую». Гэтым разам для 45-гадовага мужчыны: яго таксама даставілі ў бальніцу. Пасьля гэтага пра здарэньне праінфармавалі мясцовую паліцыю.

Паводле апошняй інфармацыі, пацярпелыя знаходзяцца ў крытычным стане. Абое зьяўляюцца грамадзянамі Вялікай Брытаніі.

Цяпер, паводле прадстаўніка паліцыі, сьледчыя спрабуюць высьветліць, якім чынам мужчына і жанчына маглі ўступіць у кантакт з нэрвова-паралітычным рэчывам. У расьсьледаваньні ўдзельнічаюць каля сотні прадстаўнікоў аддзелу барацьбы з тэрарызмам.

Паліцыя пакуль ня можа сказаць, ці быў «Навічок», якім атруцілася пара з Эймсбэры, з той жа партыі, што і рэчыва, якім атруцілі Скрыпалёў, гаворыцца ў заяве паліцыі. «Магчымасьць таго, што гэтыя два здарэньні могуць быць зьвязаныя, безумоўна ёсьць, і гэта адзін з кірункаў нашага расьсьледаваньня», — сказаў прадстаўнік Скотлэнд-Ярду.

Напярэдадні брытанская паліцыя паведаміла, што выявіла мужчыну і жанчыну без прытомнасьці, у крытычным стане, верагодна, пасьля кантакту зь «невядомым рэчывам». Гэта адбылося 30 чэрвеня ў мястэчку Эймсбэры, каля Солсбэры, дзе ў сакавіку нэрвова-паралітычным рэчывам былі атручаныя былы расейскі шпіён Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія.

Спачатку зьявілася вэрсія, згодна зь якой мужчына і жанчына атрымалі атручэньне пасьля ўжываньня наркотыкаў з патэнцыйна заражанай партыі. Аднак 2 ліпеня праз сымптомы, якія выявіліся ў пацярпелых, узоры аналізаў былі накіраваныя ў лябараторыю.

Былы двайны агент расейскай выведкі Сяргей Скрыпаль і ягоная дачка Юлія былі атручаныя ў Солсбэры ў пачатку сакавіка. Лёндан заяўляе, што за замахам стаіць Крэмль, а для атручваньня выкарыстоўвалася распрацаваная ў Расеі баявая атрута «Новичок». Масква абвяргае абвінавачваньні.

Пасьля некалькіх тыдняў лячэньня Юлію Скрыпаль выпісалі зь лякарні 10 красавіка. Стан яе бацькі таксама палепшыўся ў працэсе тэрапіі. Сяргея Скрыпаля выпісалі зь лякарні 18 траўня.

Замах на Скрыпаля прывёў да паглыбленьня крызісу ў стасунках паміж краінамі Захаду і Расеяй. 14 сакавіка прэм’ер-міністарка Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй заявіла пра высылку 23 расейскіх дыпляматаў. Пазьней каля 30 краін абвясьцілі аб высылцы расейскіх дыпляматаў у знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй. Расея ў адказ пачала высылаць супрацоўнікаў заходніх дыпмісій.

Ахвяры «Навічка». Гісторыя яду, які фігуруе ў справе аб атручэньні ў Солсбэры