Рэканструкцыя Вайсковых могілак вялася без праекту і з парушэньнямі ўмоваў Мінкульту, — назіральная рада

Замена надмагільляў на менскіх Вайсковых могілках прыпыненая, дзясяткі ўнікальных агароджаў ужо зьнесьлі, 300 танных надгалоўнікаў паставіць пасьпелі.

Праекту добраўпарадкаваньня сталічнага нэкропалю не было, у Міністэрства культуры спэцкамбінат КБА падаў толькі інвэнтарызацыю Вайсковых могілак. Аднак дазвол на выкананьне навукова-дасьледчых і праектных работ Мінкульт даваў.

Гэта высьветлілася 5 ліпеня на паседжаньні грамадзкай назіральнай рады па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры, дзе прысутнічалі прадстаўнікі спэцкамбінату, сьвятар царквы Аляксандра Неўскага, разьмешчанай на Вайсковых могілках, сябры грамадзкай назіральнай камісіі па ахове помнікаў пры Міністэрстве культуры.

Праекту добраўпарадкаваньня могілак не было, але дазвол Мінкульт даў

Дазвол на выкананьне навукова-дасьледчых і праектных работ на матэрыяльных і гісторыка-культурных каштоўнасьцях быў падпісаны першай намесьніцай міністра культуры Ірынай Дрыгай 16 студзеня 2018 году.

У дазволе прапісаныя і асобыя ўмовы, у тым ліку і тое, што «работы праводзіць на падставе комплексных навуковых дасьледаваньняў»; «праектныя прапановы агароджы прымаць на падставе архіўна-бібліяграфічных дасьледаваньняў», «навукова і мэтадычна абгрунтаваныя праектныя рашэньні павінны прадугледжваць безумоўнае захаваньне адметных вартасьцяў».

На Вайсковых могілках агароджы ХІХ стагодзьдзя мяняюць на стандартныя падгалоўнікі за 95 рублёў 16 капеек

У дазволе таксама было напісана:

«Праектныя рашэньні, якія могуць прывесьці да навукова неабгрунтаваных зьмяненьняў архітэктурнага аблічча гісторыка-культурнай каштоўнасьці, пагаршэньня візуальных умоў яе ўспрыманьня і страты адметных вартасьцяў, ня могуць быць узгодненыя».

Ёсьць там і асобны пункт — падаць навукова-праектную дакумэнтацыю згодна з артыкулам 119 Кодэксу аб культуры.

Умовы дазволу праігнараваныя

Месяц таму, калі пачаліся работы на Вайсковых могілках, намесьнік дырэктара спэцкамбінату КБА Сяргей Тур паказваў карэспандэнту Свабоды матэрыялы па інвэнтарызацыі могілак, якія зрабіў спэцкамбінат — і на паперы, і ў электронным выглядзе на мабільным тэлефоне. Але гэта быў менавіта плян інвэнтарызацыі.

Навукова-праектная дакумэнтацыя дагэтуль не пададзеная, вызначаныя ў дазволе Мінкульту ўмовы парушаны, заявіў Свабодзе сакратар грамадзкай рады Павал Каралёў.

«З гэтых умоў упраўленьне капітальнага будаўніцтва Савецкага раёну са спэцкамбінатам парушылі больш за палову: напрыклад, работы праводзіць толькі на падставе комплексных навуковых дасьледаваньняў, не ажыцьцяўляць праектных рашэньняў, якія зьмяняюць аблічча помніка, ды іншыя.

Таму мы будзем афіцыйна зьвяртацца ў Мінкульт, Менгарвыканкам, УКБ Савецкага раёну, а таксама, магчыма, у пракуратуру, каб спынілі ўсе работы да зацьвярджэньня праекту; каб выканаўцы работ вярнулі/аднавілі страчаныя элемэнты (агароджы і іншыя), каб былі пакараныя вінаватыя ў парушэньні заканадаўства», — сказаў Павал Каралёў.

Пакуль работы на Вайсковых могілках прыпыненыя. Аднак супрацоўнікі спэцкамбінату КБА ўжо пасьпелі паставіць каля 300 надгалоўнікаў і зьнесьці дзясяткі ўнікальных агароджаў.

Кіраўніцтва спэцкамбінату КБА пакуль недаступнае для камэнтару па сутнасьці прэтэнзіяў.

Арцыбіскуп Кандрусевіч асудзіў спосаб «упарадкаваньня» Вайсковых могілак у Менску