Абаронцы Курапатаў Урбановіч і Нікалайчык выйшлі на волю пасьля 10 дзён арышту.

Вольга Мікалайчык (зьлева) падчас акцыі пратэсту ля рэстарацыі «Поедем поедим»

На момант публікацыі за кратамі застаецца Павал Севярынец, вызваленьня якога жонка чакала аб 11-й раніцы.

Вольга Нікалайчык і Дзяніс Урбановіч выйшлі на волю ўдзень 10 ліпеня пасьля 10 дзён арышту за акцыю пратэсту супраць рэстарацыі «Поедем поедим» ля мэмарыяльнага комплексу Курапаты, піша БелаПАН.

Урбановіч выйшаў на волю каля 11:45, калі і мусіў, Нікалайчык вызвалілі пазьней за час, калі павінны былі, бо спачатку даставілі ў Першамайскае РУУС.

Яшчэ адзін асуджаны на 10 сутак абаронца Курапатаў, сустаршыня БХД Павал Севярынец меў выйсьці на волю таксама сёньня, ягоная жонка чакала яго вызваленьня аб 11-й гадзіне.

Абноўлена 17:00: Павал Севярынца вызвалілі а 16:00, перад гэтым яго вывезьлі з Акрэсьціна ў Фрунзенскі РУУС.

За кратамі таксама застаюцца іншыя абаронцы Курапатаў: Натальля Гарачка, асуджаная 2 ліпеня на 10 сутак арышту, Максім Вінярскі і Аляксей Туровіч, асуджаныя 4 ліпеня на 10 сутак. За акцыю ля рэстарацыі «Поедем поедим» 4 ліпеня таксама аштрафавалі старшыню партыі БНФ Рыгора Кастусёва і адзін зь лідэраў руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык.

Міліцыянты завезьлі Ніну Багінскую на Акрэсьціна і адпусьцілі зьбіраць ягады

Што важна ведаць аб пратэстах супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы яго закрыцьця.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • 27 чэрвеня наведніцы рэстарацыі на аўтамабілі зьбілі актывіста Леаніда Кулакова, у яго пералом рукі.
  • Дагэтуль дакладна не вядома, хто ўладальнік рэстарацыі. Яе адрас супадае з адрасам ТАА «Амізбел», яго прадстаўнікі не ідуць на кантакт. Раней паведамлялася, што комплекс належыць кампаніі «БелРэстІнвэст».
  • Рэстаран стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго