На блогера Пятрухіна завялі крымінальную справу пасьля заявы міліцыянта

Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Блогер зь Берасьця Сяргей Пятрухін паведаміў, што крымінальная справа супраць яго распачатая за пост у сацыяльных сетках аб міліцыянце, які «трымаў блогераў у аўтазаку пры тэмпэратуры мінус 27».

Як распавёў Сяргей Пятрухін Свабодзе, яму стала вядома, што маёр міліцыі Мікалай Рабушка напісаў на яго заяву за пост у сацыяльных сетках, дзе ён выклаў фота міліцыянта з камэрай. Міліцыянт у цывільнай вопратцы здымаў акцыю супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці.

Пятрухін прыгадаў, што менавіта гэты міліцыянт у лютым «трымаў блогераў Пятрухіна і Кабанава ў аўтазаку пры тэмпэратуры мінус 27».

«Ня кожны фашыст можа пахваліцца такім подзвігам», — напісаў 23 ліпеня Пятрухін у сацыяльных сетках.

Ён патлумачыў Свабодзе, што ня лічыць гэта абразай, бо ён не называў самога міліцыянта абразьлівымі словамі.

Тым ня меней, пасьля паста ў сацыяльных сетках зьявілася заява маёра Рабушкі і крымінальная справа супраць Пятрухіна паводле часткі 2 артыкулу 189 крымінальнага кодэксу — «абраза, нанесеная ў публічным выступе, або ў друкаваным ці ў публічна прадэманстраваным творы, або ў сродках масавай інфармацыі».

АМАП з аўтаматамі затрымаў блогера Пятрухіна. ВІДЭА

Менавіта па гэтай справе 27 ліпеня да Пятрухіна з ператрусам прыходзілі міліцыянты.

Пятрухін адмовіўся без адвакатаў пускаць іх у кватэру, пасьля чаго яго даставілі ў РАУС і склалі пратакол за непадпарадкавантьне міліцыі. Выходныя блогер правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, 30 ліпеня яго даставілі ў суд. Аднак паседжаньне перанесьлі на 1 жніўня пасьля хадайніцтва Сяргея Пятрухіна аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам.

Пасьля суду Пятрухін даведаўся, што ў кватэры правялі ператрус безь яго прысутнасьці і забралі кампутар.