Tut.by: Затрыманым рэдактарам парталу навязваюць дзяржаўных адвакатаў

Зачынены офіс Tut.by падчас ператрусу 7 жніўня

Да трох затрыманых рэдактараў Tut.by не пускаюць адвакатаў, зь якімі яны заключылі пагадненьні. Пра гэта сказала Свабодзе выканаўца абавязкаў галоўнага рэдактара Tut.by Вольга Лойка.

Што адбылося?

7 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах інтэрнэт-парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Затрымалі ня менш як 8 чалавек.

Прычына: крымінальная справа за «несанкцыянаваны доступ да інфармацыі». БелТА абвінавачвае кампаніі ў незаконных падлучэньнях да платнай падпіскі свайго агенцтва.

Вольга Лойка сказала, што адвакаты мінімум трох затрыманых чарговы раз зрабілі спробу прайсьці да сваіх кліентаў і атрымалі адмову.

Вядома, што раніцай да рэдактаркі Галіны Ўласік пусьцілі адваката, зь якім папярэдне заключылі дамову, паведаміла дачка затрыманай. А 12-й гадзіне 8 жніўня Ўласік будуць дапытваць у Сьледчым камітэце.

На момант публікацыі вядома пра затрыманьне 6 рэдактараў парталу Tut.by. Былая рэдактарка выданьня Яўгенія Беразюк не выходзіць на сувязь з раніцы 7 жніўня. Актуальны сьпіс затрыманых тут.

Затрыманьні незалежных журналістаў. Што важна ведаць

  • Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі. Максымальнае пакараньне паводле ч. 2 арт. 349 — абмежаваньне ці пазбаўленьне волі на тэрмін да 2 гадоў.
  • 7–8 жніўня прайшлі ператрусы ў офісах Tut.by, БелаПАН, Realt.by, газэты «Культура» і ТАА «Айціві». Таксама па справе праходзіць выдавецкі дом «Беларуская навука».
  • Вядома, што цягам 7–9 жніўня затрымалі 17 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту ў СК.
  • 9 жніўня СК заявіў, што галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава прызнала віну.
  • Падставай для завядзеньня крымінальнай справы паслужыла паведамленьне БелТА пра збоі ў кліентаў пры доступе да платнай падпіскі на паслугі.
  • Платная падпіска БелТА каштуе 612 рублёў на месяц.
  • Хто асудзіў затрыманьні журналістаў і ператрусы ў рэдакцыях. Сьпіс​
  • У чэрвені 2018 году супраць кіраўніка БелаПАН Алеся Ліпая завялі крымінальную справу за ўхіленьне ад сплаты падаходнага падатку.