Пракуратура Лос-Анджэлесу аднавіла справу аб дамаганьнях, заведзеную ў дачыненні да актора Стывэна Сыгала, які тыдзень таму атрымаў ў Міністэрстве замежных спраў Расеі пасаду спэцпрадстаўніка па расейска-амерыканскіх гуманітарных сувязях.
У лістападзе 2017 году шэраг акторак абвінавацілі Сыгала ў дамаганьнях, а сёлета ў студзені паліцыя Лос-Анджэлесу пачала расьсьледаваньне.
Акторка Портыя дэ Росі напісала ў твітэры, што падчас спробаў на ролю Сыгал казаў ёй як важна мець правільную «хімію па-за экранам» і расшпіліў прарэх на сваіх скураных штанах.
My final audition for a Steven Segal movie took place in his office. He told me how important it was to have chemistry off-screen as he sat me down and unzipped his leather pants. I️ ran out and called my agent. Unfazed, she replied, “well, I didn’t know if he was your type.”
— Portia de Rossi (@portiaderossi) November 8, 2017
Акторка Джуліяна Маргуліс у інтэрвію амэрыканскай радыёстанцыі Sirius XM расказала, як ў 1990-я гады кінаагентка запрасіла яе прыйсьці да Сыгала ў гатэльны нумар у Нью-Ёрку, нібыта на рэпэтыцыю ролі, паабяцаўшы, што сама будзе там. Але ў нумары быў толькі Сыгал, і ёй давялося крычаць, каб той выпусьціў яе.
Акторка Джэні Маккарці расказала той жа радыёстанцыі, што Сыгал дамагаўся яе падчас спробаў на ролю ў фільме «Ў аблозе 2». Паводле яе, яны былі ўдваіх у пакоі і Сыгал спачатку запрасіў яе прысесьці побач зь ім на канапу, а калі яна адмовілася — прапанаваў ёй цалкам разьдзецца, хоць паводле сцэнару ў фільме не было сцэнаў з аголенасьцю.
Маккарці кажа, што яна зьбегла, а Сыгал дагнаў яе і папярэдзіў, каб яна маўчала пра гэты выпадак. Тым ня менш, акторка расказала гэтую гісторыю часопісу Movieline яшчэ ў 1998 годзе.
Прадстаўнік Сыгала раней абвяргаў гісторыю Маккарці ў інтэрвію выданьню The Daily Beast.
У жніўні 2016 году Стывэн Сыгал сустракаўся з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынам Мікалаем, якія пачаставалі яго морквай і двума кавунамі з градкі. Беларускія СМІ паведамлялі тады, што Сыгал «забраніраваў» сабе цэлы паверх у доме «Пікаса» жылога комплексу «Маяк Менску», што будуецца на паўночным усходзе беларускай сталіцы. Сыгал таксама нібыта сказаў, што мае карані ў Беларусі, хаця раней сьцьвярджаў, што ягоныя карані ў Расеі ці Ўкраіне.
У лістападзе 2016 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін надаў Стывэну Сыгалу расейскае грамадзянства.