Ізраільскі гісторык пра кантроль над грамадзтвам: «Беларуская дзяржава пераняла мадэль савецкай цэнзуры»

95 год таму ў Беларусі зьявіліся спэцсховішчы кантрольных экзэмпляраў забранай зь бібліятэк «варожай» літаратуры. Азнаямленьне зь імі шырокай публікі лічылася непажаданым з ідэалягічных меркаваньняў. У тым жа 1923-м быў арганізаваны Камітэт кантролю за рэпэртуарам тэатраў, а таксама зьместам публічных выступленьняў.

«Спэцхраны» і «Рэпэрткамы» былі структурамі Галоўнага ўпраўленьня ў справах літаратуры і выдавецтваў, больш вядомага як Галоўліт. Яго функцыя палягала ў цэнзураваньні друкаваных выданьняў. У Беларусі гэты орган савецкага праўленьня бальшавікі стварылі 5 студзеня 1923 году.

Гісторык з Ізраілю Леанід Сьмілавіцкі напісаў кнігу пра савецкую цэнзуру ў паваеннай Беларусі. Праца стала вынікам шасьцігадовага дасьледаваньня тэмы, якая ў самой Беларусі не запатрабаваная. Матэрыял для кнігі «Цензура в БССР: послевоенные годы, 1944–1956 гг.» ён зьбіраў у беларускіх архівах.

У кнізе сабраныя архіўныя дакумэнты, дапоўненыя зьвесткамі з навуковых і папулярных выданьняў, статыстычных зборнікаў і пэрыядычнага друку. Аўтар скарыстаў інтэрвію, успаміны і сьведчаньні былых супрацоўнікаў цэнзуры і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама тых, каму давялося сутыкацца з працай Галоўліту.

Леанід Сьмілавіцкі

Афіцыйная беларуская гістарыяграфія не адрэагавала на працу замежнага навукоўца. Выйшла кніга ў 2014 годзе.

Высновы дасьледчыка пра ролю цэнзуры

  • Без цэнзуры існаваньне савецкай дзяржавы як сыстэмы гвалтоўнага падаўленьня асобы было немагчымае. З дапамогаю цэнзуры дзяржава наладзіла ўсёабдымны кантроль за грамадзкай сьвядомасьцю грамадзян.
  • Галоўліт забясьпечваў уяўнае адзінства партыі і народу. Высілкі скіроўвалі на стварэньне новага чалавека і грамадзтва без нацыянальных адметнасьцяў.

Ілюстрацыя з кнігі Сьмілавіцкага. Зварот аб друку кнігі пра савецкую партызанку ў Беларусі. Аўтарам быў міністар дзяржаўнай бясьпекі БССР Лаўрэнцій Цанава

  • Савецкае цэнзураваньне вяло да русыфікацыі Беларусі. З прыкметамі актывізацыі нацыянальнага жыцьця распраўляліся бязьлітасна.
  • Беларусь пераўтварылі ў палігон саветызацыі. Апірышчам сталі выхадцы зь іншых рэгіёнаў Савецкага Саюзу, якія прыбылі сюды па вайне.
  • Беларусы адкрыта не супраціўляліся цэнзуры, але шукалі магчымасьці яе абыйсьці.

Афіцыйная рэакцыя на працу замежнага навукоўца

Вокладка кнігі Леаніда Сьмілавіцкага

Леанід Сьмілавіцкі называе час, які дасьледаваў, «складаным і супярэчлівым». «Гэта пэрыяд пераходу ад сталінізму да эпохі Хрушчова», — удакладняе ён.

Яго кніга засталася без увагі афіцыйнай беларускай гістарычнай навукі. За чатыры гады, як яна выйшла, не зьявілася ніводнай рэцэнзіі ў афіцыйных часопісах. Не было і прапаноў падтрымаць праект фінансава.

Леанід Сьмілавіцкі лічыць: беларуская дзяржава пераняла амаль цалкам мадэль савецкай цэнзуры. Адрозьненьне, дадае ён, у тым, што з краіны цяпер выпускаюць.

«Новае пакаленьне жыве цяпер пераважна матэрыяльнымі інтарэсамі. З аднаго боку — свабода, зь іншага боку — няясна, як гэтай свабодай карыстацца, калі скарыстацца ёю можна толькі за мяжой. Гэта стварае дадатковыя цяжкасьці для стварэньня нацыянальнай і сьвядомай інтэлігенцыі, і гэта трагедыя беларускага народу на сёньняшні дзень», — разважае гісторык.

Дасьледаваньні савецкай цэнзуры ў Беларусі

Леанід Сьмілавіцкі кажа: тэма савецкай цэнзуры ў Беларусі не запатрабаваная. Па яго словах, пераважная большасьць публікацый, што выходзілі ў незалежнай Беларусі, ахопліваюць даваенны пэрыяд і не прэтэндуюць на паўнавартаснае дасьледаваньне.

«Даваенны пэрыяд разглядаецца многімі як менш небясьпечны для іх, бо ўсё можна сьпіхнуць на Сталіна», — мяркуе дасьледнік.

Ілюстрацыя з кнігі Сьмілавіцкага. Агітацыйны плякат савецкай эпохі

Паводле навукоўца, беларускія архівы захоўваюць вялікі аб’ём дакумэнтаў аб дзейнасьці Галоўліту. Праблемаў з доступам да іх у замежнага дасьледніка не было. Ён заўважае: забароны на дасьледаваньне тэмы не існуе, але няма і інтарэсу.

«Калі тэма не вітаецца, — кажа суразмоўца, — то на яе ніхто ня хоча марнаваць часу».

Цэнзуры ў БССР прысьвяціў працу і прафэсар зь Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандар Гужылоўскі. Ягоная кніга «Чырвоны аловак» ахоплівае даваенны і пасьляваенны пэрыяды дзейнасьці Галоўліту.

Леанід Сьмілавіцкі адзначае: у адрозьненьне ад Беларусі, на астатняй постсавецкай прасторы дзейнасьць Галоўліту актыўна дасьледуецца ад 1991 году.

Ці дасьледавалася тэма цэнзуры савецкімі навукоўцамі?

У Савецкім Саюзе, кажа Леанід Сьмілавіцкі, слова «цэнзура» не было ў дыскурсе. Савецкія даведнікі ня згадвалі і пра існаваньне Галоўнага ўпраўленьня па справах літаратуры і выдавецтваў. Галоўліт быў закрытай структурай.

Загад Галоўліту аб канфіскацыі кнігі Цанавы пасьля ягонага арышту

У энцыкляпэдыях пісалі пра цэнзураваньне толькі ў царскай Расеі. Гэтая тэма савецкімі навукоўцамі вывучалася.

Асаблівасьці савецкай цэнзуры ў паваенны час

Беларусь тры гады знаходзілася пад нацысцкай акупацыяй. Насельніцтва зьменшылася на чвэрць.

У 1944 годзе было 6,5 мільёна жыхароў, кажа гісторык. У 1941-м — 10 мільёнаў. Галакост вынішчыў больш за 800 тысяч габрэяў, якія лічыліся гарадзкой нацыяй.

Утвораны вакуўм, адзначае Леанід Сьмілавіцкі, запоўнілі расейцы і выхадцы зь іншых савецкіх рэспублік. Іх прысылалі на аднаўленьне разбуранай вайной гаспадаркі. Яны ня ведалі мясцовых рэалій і не былі зьвязаныя зь мясцовым нацыянальным жыцьцём, кажа гісторык, таму імі лёгка было маніпуляваць. Яны не супраціўляліся ціску ідэалёгіі. Беларусь ператварылася ў палігон саветызацыі.

Існавала розьніца паміж усходнімі і заходнімі рэгіёнамі. Усходнюю Беларусь пасьпелі да вайны саветызаваць, а Заходнюю — не.

Ілюстрацыя з кнігі Сьмілавіцкага. Загад Галоўліту аб скажэньні (памылцы) у газэце. Замест «агрэсіўная» надрукавалі «прагрэсіўная»

Гэтае адрозьненьне было заўважнае ў тым, на якой мове друкаваліся газэты. У заходніх рэгіёнах абласныя газэты, кажа Леанід Сьмілавіцкі, пісалі на беларускай і расейскай. Расейскамоўныя раёнкі выдаваліся толькі на захадзе Беларусі. На ўсходзе ж газэты пісалі пераважна па-беларуску.

«Упаўнаважаныя і актывісты, камандзіраваныя ў Заходнюю Беларусь, аддавалі перавагу расейскай мове, якая супрацьпастаўлялася польскай», — даводзіць аўтар кнігі.

У савецкіх партыйных структурах вядучую ролю пэўны час адыгрывалі службоўцы, якія прайшлі праз партызанскі рух.

Яны былі самастойныя ў сваіх учынках. Ня ўсе інструкцыі з Масквы выконваліся. Часьцяком іх спускалі на тармазах.

Стаўленьне беларусаў да цэнзуры

Леанід Сьмілавіцкі даводзіць: беларусы ставіліся да цэнзуры іначай, чым у іншых савецкіх рэспубліках. Яны не стваралі праблемаў цэнтральнай уладзе, але стараліся рабіць усё па-свойму. Для беларуса галоўнае — выжыць. Гэтаму навучыў лёс, паколькі гістарычна Беларусь не аднойчы «станавілася прахадным дваром».

Дазвол на разгляд ананімкі

«Кантроль цэнзараў беларусы не ўспрымалі літаральна, — тлумачыць суразмоўца. — Яны адкрыта не супраціўляліся цэнзуры, але як зьяўлялася магчымасьць яе абыйсьці, то рабілі гэта».

Пад савецкую цэнзуру падпадалі ўсе аспэкты грамадзкага жыцьця: ад вытворчасьці да прагнозу надвор’я, які дазволена было даваць толькі на тры дні.

Нацыянальнае жыцьцё і цэнзура

З прыкметамі актывізацыі нацыянальнага жыцьця, кажа Леанід Сьмілавіцкі, цэнзура распраўлялася бязьлітасна.

«Яно ўплывае на сьвядомасьць і розум людзей ды выводзіць іх з-пад каўпака савецкай ідэалёгіі. Супраць яго цэнзура выкарыстоўвала запалохваньне, рэпрэсіі і мардаваньне», — адзначае гісторык.

Усё, што было на беларускай мове, працягвае ён, выклікала падазрэньне і знаходзілася пад пільным кантролем Галоўліту. Творчыя саюзы маглі разьвівацца толькі ў вызначаных межах. Іх чальцы не гаварылі пра нацыянальныя правы, бо рызыкавалі падпасьці пад абвінавачваньне ў нацыяналізьме.

Агітацыйны плякат савецкай эпохі

«Улада зь недаверам ставілася да нацыянальнай п’есы, якая мела ў сабе ідэі адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці. У гэтым палягала сапраўдная прычына поўнага зьнікненьня з рэпэртуараў беларускіх тэатраў беларускай клясыкі — Дуніна-Марцінкевіча, Вярыгі-Дарэўскага, Каганца, Бядулі, Мірановіча», — адзначае ў кнізе Леанід Сьмілавіцкі.

За беларускай мовай, лічыць гісторык, пакінулі парадную функцыю. Яе выкарыстоўвалі, кажа ён, «у мэтах паказной прапаганды і агітацыі, часткова ў паэзіі і мастацкай літаратуры». Паволі беларускасьць выцясьнялася расейскай мовай, якую шырока ўжывалі ў навуцы, навучальных установах, на вытворчасьці. Шмат прыежджых беларускую мову не ўспрымалі.

Каго бралі ў цэнзары

Паколькі цэнзура была пад поўным кантролем партыі і службы бясьпекі, піша ў сваёй кнізе Леанід Сьмілавіцкі, то такую працу даручалі асобам незалежна ад іх нацыянальнай прыналежнасьці. Разам з тым, адзначае ён, габрэяў у складзе цэнзараў налічвалася да шасьцідзесяці працэнтаў.

«Габрэі былі адукаванымі людзьмі і стараліся ня выпасьці з прафэсіі», — тлумачыць суразмоўца.

Загад цэнзарам не друкаваць і перадаваць па радыё выступы сьвятароў

Пад канец 1940-х гадоў на пасады ў сыстэме кантролю над грамадзтвам пачалі ставіць беларусаў і расейцаў. Ад габрэяў пачалі пазбаўляцца. Хваля звальненьняў супала са «змаганьнем з касмапалітамі» (кампанія, якую праводзілі ў СССР у 1948–53 гадах супраць праслойкі інтэлігенцыі, якую вінавацілі ў пашырэньні празаходніх тэндэнцый. — РС).

Лёс габрэяў у Беларусі

Пры канцы 1940-х гадоў габрэі трапілі ў больш жорсткі, чым беларусы, рэжым выжываньня. Па вайне нацыянальныя ўстановы габрэяў не адрадзіліся — яны былі пад забаронай, кажа Леанід Сьмілавіцкі.

Габрэйскія школы на ідыш, зачыненыя ў 1938 годзе, больш не зьявіліся. 110 тысяч габрэяў, якія вярнуліся з фронту, партызанаў ці эвакуацыі, меліся «сядзець ціха». Нацыянальнасьць для іх стала прысудам. Многія перапісвалі нацыянальнасьць. Тым, хто нарадзіўся ў вайну і пасьля яе, не давалі нацыянальных імёнаў.

Лёс цэнзараў

Пячаткі цэнзараў

Па вайне адпала неабходнасьць у масавых рэпрэсіях. З цэнзарамі больш не распраўляліся, як са сьледчымі, якія фабрыкавалі справы ў 1930-я гады, кажа Леанід Сьмілавіцкі. Іх звальнялі.

Матэрыяльна яны былі дужа залежныя. Заробак цэнзара быў меншы, чым заробак рэдактара ў выдавецтве. Таму ў структурах Галоўліту была вялікая цякучка кадраў.

Хто такі Сьмілавіцкі

Леанід Сьмілавіцкі нарадзіўся ў 1955 годзе ў Рэчыцы. З 1984 па 1992 гады — дацэнт катэдры гісторыі Беларусі, СССР і замежных краін Менскага інстытуту культуры. У 1992 годзе разам зь сям’ёй рэпатрыяваўся ў Ізраіль. Спэцыялізуецца на дасьледаваньнях беларускага габрэйства. Ён аўтар 6 кніг і блізу 400 артыкулаў. Піша на іўрыце, ангельскай, польскай, расейскай мовах. У Ізраілі мае доктарскую ступень.

Стварыў у Тэль-Авіўскім унівэрсытэце архіў ваенных лістоў і дзёньнікаў для далейшага іх дасьледаваньня.

Леанід Сьмілавіцкі дасьледуе габрэйскія могілкі ў Беларусі

Па выхадзе кнігі «Яўрэі ў Тураве. Гісторыя мястэчка Мазырскага Палесся» заняўся дасьледаваньнем савецкай цэнзуры ў Беларусі. У гэтай тэме яго цікавіла пытаньне пра ўдзел габрэяў у дзейнасьці Галоўліту. Цяпер зьбірае матэрыял для кнігі «Па сьлядах габрэйскіх могілак Беларусі».

«Информирую любимые органы госбезопасности...» Справы беларусаў — «ворагаў народу» ў архівах СБУ

«Запрещается». Шэсьць забаронаў савецкай цэнзуры ў публікацыях пра Другую ўсясьветную вайну