«Быў чалавекам Тэатру». Памёр актор Мікалай Кірычэнка

Мікалай Кірычэнка

14 жніўня памёр Народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка. Яму было 72 гады.

Мікалай Кірычэнка

Кірычэнка граў галоўныя ролі ў спэктаклях «Князь Вітаўт», «Чорная панна Нясьвіжа», «Вечар», «Сны аб Беларусі», «Тутэйшыя» і іншых.

Мікалай Кірычэнка нарадзіўся 16 сакавіка 1946 году ў Маладэчне. Ад 1971 году працаваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы, у 2005-2009 гадах — быў дырэктарам тэатру. З 1987 году працаваў у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтва. У 2006 годзе актор атрымаў званьне Народнага артысту Беларусі. Фільмаграфія актору налічвае больш за 40 фільмаў.

Мікалай Кірычэнка быў чалавекам Тэатру, — кажа тэатразнаўца і пісьменьнік Вячаслаў Ракіцкі.

«Зь Мікалаем мы былі знаёмыя не адно дзесяцігодзьдзе, і ў маёй памяці ён застанецца перадусім як чалавек, які вельмі адданы тэатру, які любіў тэатар, які быў увасабленьнем акторскай дысцыпліны. У яго як галоўныя ролі, гэтак і эпізоды, нават невялічкія выхады на сцэну заўсёды былі ўзорнымі. У кожным сваім выхадзе на сцэну гэта быў акт служэньня мастацтву. Такое рэдка здараецца. Але ў маёй памяці ён застанецца акурат сваёй апошняй ролю ў спэктаклі «Зямля Эльзы», вельмі кранальнай, вельмі чалавечай. Калі я глядзеў, у пэўнай ступені разумеў, што гэта было яго разьвітаньне з прафэсіяй, з тэатрам».

Разьвітаньне зь Мікалаем Кірычэнкам пройдзе на галоўнай сцэне Купалаўскага тэатру