«Здаўся добраахвотна, прызнаў віну». Што вядома пра арыштаванага ва Ўкраіне беларуса з «ДНР»

Ілюстрацыйнае фота

Грамадзянін Беларусі, затрыманы 10 жніўня спэцслужбамі Ўкраіны на падкантрольнай Кіеву тэрыторыі Данецкай вобласьці і абвінавачаны ў стварэньні тэрарыстычных арганізацый, зьмешчаны ў сьледчы ізалятар Марыюпалю.

Там ён будзе знаходзіцца на працягу ўсяго дасудовага расьсьледаваньня — як мінімум да 8 кастрычніка. Адвакат назваў Свабодзе верагоднае прозьвішча затрыманага — Новікаў.

Як паведаміла Свабодзе крыніца ў праваахоўных органах Украіны, імаверна, што пасьля завяршэньня расьсьледаваньня справу могуць накіраваць для разгляду ў Краматорскі гарадзкі суд або іншы суд Данецкай вобласьці — адпаведна адміністрацыйнай прыналежнасьці месца затрыманьня.

Родам зь Віцебску, мае дзіця

Вядома, што затрыманы беларус нарадзіўся ў Віцебску, раней ужо быў асуджаны ў Беларусі, мае дзіця 2009 году нараджэньня.

На судовым працэсе, калі абіралася мера стрыманьня, ён прызнаў сваю віну і не аспрэчваў неабходнасьці арышту. Арыштаваць яго патрабаваў сьледчы Службы бясьпекі Ўкраіны.

Адвакат затрыманага беларуса Аляксандар Гарэлаў сказаў Свабодзе, што ягоны падабаронны «добраахвотна прыбыў у органы СБУ і супрацоўнічае са сьледзтвам».

Аднак у афіцыйным паведамленьні пракуратуры адзначаецца, што беларус «быў выкрыты супрацоўнікамі СБУ і пракуратуры», калі 10 жніўня прыбыў на тэрыторыю Ўкраіны «для працягу сваёй супрацьпраўнай дзейнасьці».

Ня выключана, што беларускія ўлады паспрыялі арышту

Сьледчыя абгрунтоўвалі падазрэньні адносна беларуса ў зьдзяйсьненьні асабліва цяжкага злачынства пратаколам яго допыту і агляду, а таксама «матэрыяламі, сабранымі апэратыўнымі падразьдзяленьнямі згодна з часткай 2 артыкула 99 Крымінальнага працэсуальнага кодэксу Ўкраіны».

Як сфармулявана ў гэтай заканадаўчай норме, — на падставе «матэрыялаў, атрыманых у выніку ажыцьцяўленьня падчас крымінальнай вытворчасьці мерапрыемстваў, прадугледжаных дзейнымі міжнароднымі дамовамі, згода на абавязковасьць якіх дадзеная Вярхоўнай Радай Украіны». Гаворка можа ісьці аб наданьні прававой дапамогі з боку Беларусі.

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

У той жа час адвакат Гарэлаў, які ўдзельнічаў у судовым працэсе па абраньні меры стрыманьня, у размове са Свабодай не пацьвердзіў наўпрост, што абвінавачаньне было выстаўленае на падставе зьвестак, перададзеных Беларусьсю.

«Матэрыялы ў суд накіроўваюць органы дасудовага расьсьледаваньня, а суд ужо разглядаў гэтыя матэрыялы. І гаворка ішла аб тым, што ён зьвярнуўся ў адпаведныя органы добраахвотна і без прымусу. Калі гэтыя факты будуць пацьверджаныя ўжо на судовым сьледзтве, тады будзе ўжо зусім іншы сцэнар і можа быць іншая частка артыкула. У прынцыпе, яго могуць вызваліць, але гэта як ужо суд ухваліць рашэньне», — сказаў Свабодзе Аляксандар Гарэлаў.

Разам з тым адвакат адмовіўся паведаміць іншыя падрабязнасьці справы і акалічнасьці затрыманьня беларуса, не назваў поўнага імя грамадзяніна Беларусі, абмежаваўшыся толькі прозьвішчам — Новікаў. «Я ня маю права разгалошваць такія моманты», — сказаў ён.

Што пагражае затрыманаму

Грамадзянін Беларусі падазраецца ў стварэньні тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі — згодна з часткай 1 артыкула 258-3 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны за гэтае злачынства прадугледжваецца пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.

Паводле папярэдняй інфармацыі Генэральнай пракуратуры Ўкраіны, грамадзянін Беларусі трапіў у шэрагі «ДНР» у лістападзе 2014 году. У званьні старшага сяржанта ён служыў у 1-м асобным танкавым батальёне «Самалі» на пасадзе камандзіра танка, за што атрымліваў штомесяц грашовае ўзнагароджаньне. У 2015 годзе беларус таксама браў актыўны ўдзел у захопе Данецкага аэрапорту. У тым жа годзе пакінуў службу, аднак у 2017 годзе вярнуўся ў Данецк і быў залічаны ў адну з вайсковых частак так званай «ДНР».

У судовым рашэньні аб арышце грамадзяніна Беларусі ўдакладняецца, што «ён быў выключаны са сьпісаў службоўцаў вайсковай часткі 08809 на падставе так званага загаду камандзіра гэтага фармаваньня ад 16 чэрвеня 2015 году».