Літоўскія мытнікі затрымалі вагон зь беларускімі цыгарэтамі на 3 млн эўра

© Shutterstock

На чыгуначнай станцыі Кена літоўскія мытнікі затрымалі вялікую партыю беларускіх кантрабандных цыгарэтаў, паведамляе крымінальная служба літоўскай мытні. 400 каробак з цыгарэтамі ацанілі ў 3 мільёны эўра.

Груз, які ішоў зь Беларусі, быў аформлены як драўляныя гранулы, але ў кожным зь мяшкоў былі і каробкі з цыгарэтамі.

За апошнія два тыдні гэта ўжо трэцяя буйная партыя кантрабандных цыгарэтаў зь Беларусі, затрыманая літоўскімі мытнікамі. Партыю на прыблізна 350 тысяч эўра знайшлі ў канцы жніўня ў грузе тарфяных брыкетаў, які перавозілі чыгункай, пазьней быў таксама затрыманы грузавік, які нібыта перавозіў драўляныя паддоны ў Нямеччыну, а напраўду вёз беларускія цыгарэты на суму 1,8 млн эўра.

Яшчэ адзін выпадак з кантрабандай беларускіх цыгарэтаў самі літоўскія мытнікі называюць незвычайным: партыю на 21 тысячу эўра схавалі пад сабакамі, якіх грамадзяне Расеі нібыта везьлі зь Беларусі на выставу.